Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чыёй уласнасьці беларуская нафтаперапрацоўчая галіна?


Радыё Свабода Сёньня на пытаньні слухача адказвае эканаміст Яраслаў Раманчук.

(Мянчук: ) “У мяне пытаньні. Першае — у чыёй уласнасьці і на колькі працэнтаў знаходзяцца нашы нафтаперапрацоўчыя камбінаты? Другое — ці праўда, што 50% Салігорскага калійнага камбінату знаходзіцца ва ўласнасьці Расеі, і яна патрабуе, каб ёй прадалі яшчэ болей? Трэцяе — каму належаць нафтавыя і газавыя трубы на нашай тэрыторыі? Ёсьць прыкметы таго, што наш “бацька”, застаўшыся “бацькам” і надалей, саступіць дамаганьням Расеі атрымаць і гэтую ўласнасьць Беларусі, за што яны і падтрымліваюць яго, ня гледзячы ні на каго. Будзьце аб’ектыўнымі да канца і на гэты раз”.

Адказвае эканаміст Яраслаў Раманчук:

(Раманчук: ) “Нафтаперапрацоўчыя камбінаты Беларусі на 100% належаць дзяржаве. Невялічкі працэнт акцыяў быў у працоўнага калектыву, але ў 2005 годзе дзяржава іх выкупіла. Такім чынам, можна казаць, што гэта на 100% дзяржаўная маёмасьць.

100% калійнай кампаніі Беларусі, “Беларуськалію”, таксама знаходзіцца ў руках дзяржавы. Беларускі калійны камбінат сумесна зь дзяржавай стварылі сумеснае прадпрыемства для таго, каб ажыцьцяўляць экспарт прадукцыі. Але гэта зусім іншая рэч. Яна ня тычыцца актыву “Беларуськалію”.

Сыстэма трубаправодаў, якая належыць “Белтрансгазу” — гэта беларуская маёмасьць.

Першая галіна газаправоду “Ямал—Эўропа” знаходзіцца ва ўласнасьці Расеі. Так было з самога пачатку. Што тычыцца нафтавых трубаў, то яны, згодна зь Бішкецкімі дамоўленасьцямі, належаць Расеі. Так было з пачатку 1990-х гадоў, і ніякіх зьмяненьняў формаў уласнасьці тут таксама няма.

Расея хоча, каб Беларусь прадала “Белтрансгаз”. Такім чынам, яна хоча стаць манапольным уласьнікам усіх трубаў у Беларусі, каб мець магчымасьць уваходу на ўнутраны рынак газавых разьлікаў і газавых паставак. Але беларускі ўрад гэтага не зрабіў. Я мяркую, што менавіта гэта было той цаной, якую Лукашэнка паабяцаў заплаціць Расеі за палітычную падтрымку і за газ за 47 даляраў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG