Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пагрозы актывісту: канфіскацыя і забарона выезду


Сёньня адлічанага з унівэрсытэту імя Ф.Скарыны моладзевага актывіста Зьмітра Жалезьнічэнку выклікалі ў суд Чыгуначнага раёну Гомеля.


Судовы выканаўца Дзяніс Сапоненка запатрабаваў ад яго тлумачэньняў, чаму ён ня сплачвае штрафы.

Зьміцер патлумачыў, што ня мае грошай, каб сплаціць штрафы, паколькі не працуе, а імкнецца праз суды аднавіцца ва ўнівэрсытэце. Штрафы ж яму прысудзілі, як ён лічыць, паводле надуманых падставаў.

Пісьмовыя тлумачэньні на расейскай мове былы студэнт даваць адмовіўся — адпаведных блянкаў і законаў на беларускай мове ў судзе няма.

Судовы выканаўца адвёў Жалезьнічэнку да старшыні суду Тацяны Адрыбец. Тая зьдзівілася, што выканаўца ня можа патрапіць у кватэру, дзе жыве з бацькамі былы студэнт.

Старшыня раіла выканаўцу ўзяць міліцыю й службу па надзвычайных сытуацыях і гвалтам адчыніць дзьверы, каб апісаць маёмасьць.

Зьдзіўлены быў і Жалезьнічэнка, калі спадарыня Адрыбец абвясьціла яму: маўляў, ёсьць “афіцыйны пункт гледжаньня, што ён зьбіраецца прасіць палітычнага прытулку ў ЗША альбо Нямеччыне”. Аднак спадзявацца на гэта ня варта, бо выезд за мяжу актывісту забароняць.

Студэнта-выдатніка 3 курсу матэматычнага факультэту Зьмітра Жалезьнічэнку выключылі з унівэрсытэту ў верасьні — пасьля таго, як туды прыйшла з падатковай інспэкцыі пастанова гаспадарчага суду на штраф за арганізацыю канцэрту беларускамоўных бардаў. Пастанова на той час яшчэ не набыла юрыдычнай моцы. Фармальная падстава адлічэньня актывіста з ВНУ — нібыта ён парушаў унівэрсытэцкія Правілы ўнутранага распарадку.

Пасьля гэтага Жалезьнічэнку арыштавалі на 8 сутак нібыта за лаянку і аштрафавалі на 20 базавых велічыняў за непадпарадкаваньне міліцыі.

13 сьнежня ў абласным судзе будзе разглядацца апэляцыя былога студэнта на рашэньне суду Цэнтральнага раёну пра законнасьць яго адлічэньня з унівэрсытэту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG