Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Чаргінец судзіцца зь недзяржаўнымі журналістамі


У судзе Першамайскага раёну Менску адбылося папярэдняе паседжаньне ў справе пазову старшыні камісіі па нацыянальнай бясьпецы Палаты прадстаўнікоў Мікалая Чаргінца да журналіста Аляксандра Тамковіча і ўнітарнага прадпрыемства “Время новостей”, якое выдае недзяржаўную газэту “Новы час”. Мікалай Чаргінец патрабуе кампэнсацыяў за абразу свайго гонару і годнасьці: з Тамковіча 100 мільёнаў рублёў, а з выдавецтва — 500 мільёнаў.

Падставай для звароту ў суд стаў артыкул Аляксандра Тамковіча, надрукаваны ў газэце “Новы час” — “Генэрал-сэнатар Мікалай Чаргінец”. У сваім пазове Чаргінец спаслаўся на тое, што ягонае імя нібыта было згадана ў зьвязку з “віцебскай справай”, калі расстралялі невінаватага чалавека.

На думку аўтара публікацыі Аляксандра Тамковіча, які цяпер змагаецца зь цяжкай хваробай, сапраўднай прычынай стала тое, што ў сваім артыкуле ён назваў саюз пісьменьнікаў, які ўзначальвае Мікалай Чаргінец, “правільным”. Паводле журналіста, галоўная мэта пазову, які спадар Чаргінец падаў праз два месяцы пасьля публікацыі артыкулу, — ліквідацыя недзяржаўнай газэты “Новы час”.

“Ён зрабіў звычайную кампіляцыю з тэксту. Лічу, што гэта ўдар ня супраць мяне, а ўдар па газэце “Новы час”, дзе цяпер друкуюцца пісьменьнікі, якія не ўваходзяць у так званы “правільны” Саюз пісьменьнікаў. Перш за ўсё гэта наезд на “пашкевіцкі” Саюз пісьменьнікаў. Яшчэ адна прычына ў тым, што я не лічу Чаргінца вялікім пісьменьнікам”.

Гаворыць рэдактар газэты Аляксей Кароль:

“У самім артыкуле ніхто ня бачыць падставаў для пазову аб абразе гонару і годнасьці. Ёсьць факты і ёсьць канкрэтныя меркаваньні. Тое, што ў межах. Я паглядзеў апошні нумар “Эконаміста”, артыкул пра Браўна, пераемніка Тоні Блэра. Дык там такія эпітэты, што нам і ня сьнілася. Гэта лёс публічнага палітыка. Але ў нас, здаецца, зноў з’яўляюцца зоны па-за крытычнай увагай”.

Мікалай Чаргінец паведаміў, што калі выйграе справу, то перадасьць грошы на лячэньне псыхічна хворых.

“Ну хоча ён, хай называе гэты Саюз няправільным. Гэта ягонае права. Абразіў і паклёпнічаў на мяне, што я датычны да так званых “віцебскіх справаў”. А я працаваў у горадзе Менску. А як вядома, Менск альбо ГУУС, дзе я працаваў, а да гэтага Ленінскі райаддзел, да гэтага Першамайскі райаддзел, да гэтага Савецкі — не камандуюць Віцебскам. Я быў першы, хто ўзьняў гэтае пытаньне”.

Судзьдзя Алена Ананіч прапаноўвала бакам заключыць перамір’е. Але прадстаўніца Мікалая Чаргінца адказала на ўсе прапановы рэдакцыі “Новага часу” адмоўна.

Гаворыць Аляксей Кароль:

“Мы прапаноўвалі прадставіць такую ж плошчу, на якой быў надрукаваны артыкул, для выказваньня ўласнага пункту гледжаньня спадара Чаргінца на гэтую справу. Гэта не было прынята. Бакі і суд вырашылі, што справа гатовая для абмеркаваньня на судзе”.

Судзьдзя Алена Ананіч прызначыла судовае паседжаньне на 19 сьнежня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG