Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікаў пакаралі за ўлёткі арыштамі


Любоў Лунёва, Менск Суд Заводзкага раёну Менску пакараў прадпрымальнікаў Руслана Луцэнку 10 суткамі арышту, а Алеся Таўстыку — 7. Іх затрымалі 28 лістапада, калі яны раздавалі ўлёткі з заклікам прыйсьці 10 сьнежня на Кастрычніцкую плошчу, каб выказаць нязгоду з палітыкай уладаў адносна малога і сярэдняга бізнэсу.

Першым судзілі Руслана Луцэнку. Судзьдзя Алена Някрасава вырашыла разглядаць адміністрацыйныя пратаколы за зачыненымі дзьвярыма.

Абураныя паплечнікі й сваякі затрыманых прадпрымальнікаў у сувязі з гэтым напісалі скаргу у кнізе скаргаў і прапановаў у прыёмным пакоі старшыні суду.

Нагадаем: 28 лістапада супрацоўнікі міліцыі затрымалі Руслана Луцэнку і Алеся Таўстыку, якія раздавалі прадпрымальнікам у гандлёвым цэнтры “Падземны горад” улёткі з заклікам прыйсьці 10 сьнежня на Кастрычніцкую плошчу.

У міліцыі на іх склалі пратаколы як на ўдзельнікаў несанкцыянаванай вулічнай акцыі і да суду трымалі ў камэры дзяжурнай часткі.

Нягледзячы на тое, што Руслан Луцэнка днямі перанёс запаленьне лёгкіх і цяпер кепска пачуваецца, судзьдзя пакарала яго арыштам на 10 сутак.

Лідэр прадпрымальнікаў Аляксандар Макаеў заявіў “Свабодзе”:

“Дыскрымінацыя правоў прадпрымальнікаў. Няма незалежнага суду. Няма нэўтральнага стаўленьня — бо паводле гэтага артыкулу можна й папярэджаньне, можна й штраф. Але хлопцаў пакаралі арыштамі. Улады запалоханыя вулічнымі акцыямі.

Калі ў нас быў дазвол на мітынг 12 сакавіка, мяне ды іншых прадпрымальнікаў за распаўсюд інфармацыі затрымлівалі — не глядзелі, ці мерапрыемства было дазволенае. Уладам не патрэбная кансалідацыя прадпрымальнікаў. Таму й запалохваюць нашых актывістаў”.

Алесь Таўстыка — адзін з заяўнікаў акцыі прадпрымальнікаў. Судзьдзя Алена Някрасава пакарала яго арыштам на 7 сутак. Яна патлумачыла, што меншы тэрмін далі таму, што ён мае двух маленькіх дзяцей.

Алесь Таўстыка не разьлічваў, што судзьдзя спыніць справу:

“Мы не палітычныя — а выключна дзеля вырашэньня нашых прадпрымальніцкіх справаў, каб адмянілі 760-ты ўказ. Але нават калі нам не дазволяць мерапрыемства, мы маем права прыйсьці на плошчу і паглядзець на ёлку і нават ладзіць там карагод, каб прадэманстраваць нашу еднасьць.

Можам сказаць, што ў Заводзкім РУУС дзяжурныя міліцыянты да нас ставіліся добра. Можа, паважалі нас за нашы погляды ці бачылі, што мы не забойцы... Адзін з афіцэраў казаў, што яны пакуль могуць адрозьніваць людзей ад зьвяроў”.

Жонка Алеся Натальля Таўстыка была ўражаная судовым рашэньнем:

“Яго пасадзілі як нейкага злачынцу... Час усё пакажа і расставіць па сваіх месцах. Будзем спадзявацца, што не дарма яны ўсё гэта зрабілі, што не дарма яны сядзяць. Можа, нашым дзецям будзе лепш жыць”.

У суд прыйшлі лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і Вячаслаў Сіўчык. Вячаслаў Сіўчык лічыць, што людзі ўжо прызвычаіліся да такіх судоў.

“Бяспраўе ў краіне даўно. Я цудоўна разумеў, што людзям усё роўна дадуць суткі. Падышоў толькі каб іх падтрымаць. Вельмі зьдзіўлены паводзінамі судзьдзі, якая груба парушыла й Лукашэнкава заканадаўства, заявіўшы, што суд будзе закрыты.

Луцэнка толькі перанёс запаленьне лёгкіх, і відаць, што ў яго цяпер бранхіт. Але судзьдзя ўсё роўна дала яму 10 сутак, а Таўстыку — 7. Гэта абуральна, але, на вялікі жаль, наша грамадзтва да гэтага прызвычаілася. Таму й людзей было так замала”.

Заяўнікі мітынгу Віктар Калей, Алесь Таўстыка, Аляксандар Макаеў, Алег Шабетнік, Аляксандар Цацура і Віктар Крываль не разлічваюць, што гарадзкія ўлады дазволяць сабрацца 10 сьнежня а 12-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы.

Але яны ўпэўненыя, што прадпрымальнікі гатовыя выйсьці на несанкцыянаваную акцыю. • У Менску судзяць аднаго з заяўнікаў мітынгу прадпрымальнікаў, 29.11.2007 • Затрыманы адзін з заяўнікаў мітынгу прадпрымальнікаў 10 сьнежня, 28.11.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG