Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: апазыцыя рыхтуецца да вулічных акцый


Радыё Свабода У Гомелі на паседжаньні рэгіянальнага штабу аб’яднаных дэмакратычных сілаў, куды ўваходзяць прадстаўнікі дванаццаці буйнейшых палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, вырашалася пытаньне, як ставіцца да масавых беспадстаўных арыштаў апазыцыянэраў.

Cябра кааліцыі, каардынатар аргкамітэту нанова стваранай Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народнай Грамады) Юрась Захаранка прапанаваў вызначыць чаргу пасадкі апазыцыянэраў на суткі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.

Прапанову ён патлумачыў тым, што ўлады й спэцслужбы напярэдадні значных палітычных кампаніяў і масавых акцыяў пратэсту фальшуюць розныя адміністрацыйныя справы супраць апазыцыянэраў.

“Як паказала практыка, калі мы распаўсюджваем улёткі, арганізоўваем мітынгі ці бярэм удзел у масавых мерапрыемствах у Менску, у гэты час улада робіць прымітыўныя затрыманьні. Рэгіянальных актывістаў хапаюць за тое, што яны нібыта брыдка лаяліся, кепска паводзілі сябе ў людных месцах. Каб спрасьціць задачу ўладзе, міліцыі, пракуратуры, усім спэцслужбам, каб яны нас не шукалі, не ўчынялі правакацыяў, я і ўнёс прапанову скласьці графік і па чарзе садзіцца за краты”, - сказаў Радыё Свабода спадар Захаранка.

На сьнежань гомельская апазыцыя плянуе зноў падаць заяўкі на мітынгі й пікеты супраць адмены льготаў. Распаўсюд абвестак пра арганізацыю масавых акцыяў возьме на сябе адзін з прадстаўнікоў аб’яднаных дэмакратычных сілаў.

Першым прэтэндэнтам на пасадку за краты Юрась Захаранка прапанаваў менавіта сябе, каб такім чынам спрасьціць уладам пошук ініцыятараў масавых акцыяў пратэсту.

Досьвед знаходжаньня за кратамі Юрась Захаранка ўжо мае. Ён адбываў адміністрацыйныя арышты ў ізалятарах Менску й Гомеля за ўдзел у “Чарнобыльскім шляху” й за так званую арганізацыю несанкцыянаванага пікету падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году.

Дарэчы, спадар Захаранка – інвалід, капітан запасу паветрана-дэсантных войскаў, былы сябра Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў, а цяпер прадстаўнік у рэгіёне Народнай Грамады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG