Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкрылася мэмарыяльная выстава Яўгена Куліка “Адвечнае”


Севярын Квяткоўскі, Менск Выставу зладзілі сябры мастака 4 лістапада ў менскай кавярні “Добрыя мысьлі”. Няпярэдадні, 31 кастрычніка, Яўген Кулік адсьвяткаваў бы сямідзесяцігодзьдзе з дня нараджэньня. Пяць гадоў таму мастака ня стала. Пры жыцьці ў графіка не было пэрсанальных выставаў, але цяперашняя – пятая.

Імпрэзу зарганізавалі сябры Яўгена Куліка Віктар Маркавец і Натальля Гаранская:

Гаранская: “Гэтая асоба – узровень, камэртон беларускай нацыі, беларускай культуры. Выстава мае і высокі манумэнтальны, і лірычны тонкі тонус. Яўген Кулік быў манумэнтальны па сваёй годнасьці, і ў той жа час гэта быў лірык, вельмі тонкі чалавек. І мы імкнуліся, як маглі, гэтыя рысы рэпрэзэнтаваць у гэтай пятай пэрсанальнай пасьмяротнай выставе Яўгена Куліка”.

Рэпрэзэнтаваныя на выставе графічныя творы выяўляюць асобаў гісторыі і культуры Беларусі. Нізка твораў ілюструе “Слова аб паходзе Ігаравым”, ёсьць партрэты Зоські Верас і Сяргея Новіка-Пяюна, работы з сэрыі “Шляхамі Язэпа Драздовіча”, выявы гістарычных помнікаў архітэктуры.

Прысутныя згадвалі Яўгена Куліка як чалавека і асабліва падкрэсьлівалі ролю мастака ў пашырэньні беларускай нацыянальнай ідэі. Аляксей Марачкін:

Марачкін: “Мяркую, прыйдзе час, і імя Яўгена Куліка прагучыць яшчэ больш. Таму што мы не забываемся, нядаўна былі на ягонай магіле. Як гэта ні пафасна гучыць, але я думаю, што ягоным імем назавуць вуліцу. Ягонае імя будзе па-сапраўднаму ўшанаванае. Ён пашыраў Беларусь у нашай сьвядомасьці. Пашыраў тэрытарыяльна і духоўна. Ён нам гаварыў, і мы ў яго перанялі – там, дзе гучыць беларуская мова, там ёсьць Беларусь”.

Аляксей Марачкін узначальвае мастацкую суполку “Пагоня”. Яўген Кулік стаяў ля вытокаў стварэньня суполкі. А яшчэ Яўген Кулік – адзін з аўтараў эталёну першага Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь – “Пагоні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG