Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Італьянскі канал Sky Vivo пакажа тэлесэрыял пра Віку Мароз


Алена Струвэ, Прага У Італіі ізноў загаварылі пра Віку Мароз. Гэтымі днямі італьянскі тэлеканал Sky Vivo абвясьціў пра хуткую прэм''еру 6-сэрыйнага тэлефільму “У імя Марыі”. У яго аснову пакладзеная драматычная гісторыя дачыненьняў паміж італьянскімі сужэнцамі Джуста-Барначын і беларускай сіратой Вікай Мароз. Гэты фільм здымалі як у Італіі, так і ва Ўкраіне, у выніку чаго дзяўчынка Марыя(так па-ранейшаму завуць у Італіі Віку ) стала ўкраінкай.

Калі рэжысэра Франка Д’яфэрыя спыталі, чаму ён ня стаў здымаць гісторыю ў Беларусі, то ён адказаў так:

“Хацелася б у Беларусі. Аднак Украіна больш адкрытая для нас краіна. Сюды грамадзянам Эўразьвязу можна трапіць бязь візы. У Беларусь жа візы патрэбныя”.

Фабула фільма наступная: ва Ўкраіну прыяжджае сьвятар зь Італіі, каб даведацца, што здарылася зь дзяўчынкай, бо пасьля яе прымусовага вяртаньня на радзіму пра яе нічога не было чутна. Ён не находзіць Марыі, аднак лёс чарнобыльскіх дзяцей, яго вельмі ўражвае. Ён робіць выснову: “У імя Марыі нельга забывацца пра іншых”.

Як падаюць некаторыя мэдыі, пакуль карціна атрымалася шасьцісэрыйнай, але, лічаць аўтары, калі фільм спадабаецца гледачам, то будуць зробленыя яшчэ дадатковыя пяць сэрыяў.

У інтэрвію журналістам выканаўца адной з галоўных роляў фільму – міланская тэлезорка ўкраіна-расейскага паходжаньня Наташа Стэфаненка кажа:

“ У свой час мяне, як і многіх іншых італьянцаў вельмі ўразіла гэта гісторыя, а таму я зь вялікай павагай паставілася да працы над карцінай”.

Наташа Стэфаненка нарадзілася ў 1971 годзе ў закрытым савецкім горадзе Свердловск-5 у сям’і навукоўцаў-ядзершычкаў. Займалася прафэсійна плаваньнем. Вучылася ў Маскоўскім інстытуце сталі і сплаваў. Прыгожая дзяўчына з ростам 185 сантымэтраў атрымала прапанову ад адной з італьянскіх мадэльных агенцыяў і вось ужо болей за 10 год жыве у Мілане, працуе на тэлебачаньні і здымаецца ў кіно. Яе муж –модны італьянскі дызайнэр. Гэтая акалічнасьць таксама працуе на імідж Наташы, якая, паводле італьянскіх мерак, зрабіла надзвычайную кар’еру для іншаземкі.

У стужцы Д’яфэрыя Наташа іграе ролю чыноўніцы ўкраінскага ўраду. Сярод галоўных герояў таксама італьянскі сьвятар і чарнобыльскія дзеці. Асноўную ідэю фільма Наташа Стэфаненка фармулюе так:

“Мы не хацелі б даваць нейкай ацэнкі дзеяньням сужэнцаў, аднак лічым, што сваім учынкам яны стварылі цяжкасьці для іншых чарнобыльскіх дзяцей”. Для такой высновы актрыса прыйшла, наведаўшы Кіеўскі дзіцячы анкалягічны цэнтар, дзе вяліся здымкі.

Паказ новага фільму, хутчэй за ўсё, будзе адбывацца на тле закрытага судовага працэсу ў Генуі, дзе да адказнасьці за ўтойваньне беларускай сіраты ў якасьці абвінавачаных прыцягнутыя сужэнцы Джуста –Барначын, іхныя бацькі, а таксама два каталіцкія сьвятары. Пра працэс вядомыя самыя агульныя зьвесткі. Суд цягнецца ўжо месяц. Ні галоўныя яго фігуранты, ні адвакаты абвінавачаных не даюць ніякіх інтэрвію прэсе і нават не падыходзяць да тэлефонаў. Паводле італьянскіх законаў, абвінавачаньне мае санкцыю на праслухоўваньне ўсіх званкоў і кожнае неасьцярожнае слова можа быць выкарыстанае супраць іх. Так у свой час адзін са сьвятароў, камэнтуючы свой учынак, чаму ён хаваў Віку, выказаўся наступным чынам: “Паміж законам і Эвангельлем я выбраў Эвангельле” і менавіта гэтыя словы цяпер могуць мець для яго пэўныя наступствы.

Пра рэальных Джуста-Барначын і Віку Мароз італьянская прэса пакуль нічога ня піша.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG