Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шклоў: судзяць старшыню суполкі Партыі БНФ


Радыё Свабода Сёньня ў Шклове пачаўся суд над старшынём мясцовай суполкі Партыі БНФ Аляксандрам Фёдаравым. Яму інкрымінуюць злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі, парушэньне парадку выплаты заробкаў ды прысабечваньне дзяржаўнай маёмасьці. Яму пагражае да 8 гадоў зьняволеньня.

Аляксандра Фёдарава затрымалі 14 чэрвеня. Пакуль вялося сьледзтва, ён знаходзіўся ў Магілёўскім ізалятары часовага ўтрыманьня.

У жніўні пракурор Шклоўскага раёну Ігар Сьніткоў не задаволіў хадайніцтва адваката пра вызваленьне Фёдарава пад падпіску пра нявыезд.

Аляксандар Фёдараў працаваў майстрам на трох кацельнях Шклоўскага раёну.

Сёньня на судовым паседжаньні Аляксандра Фёдарава дапыталі дзяржаўны абвінаваўца ды судзьдзя.

Паводле дзяржаўнага абвінаваўцы, Фёдараў чатыры гады парушаў правілы выплаты заробкаў. Ён налічваў работнікам кацельні заробкі, якія атрымліваў сам. За чатыры гады ён атрымаў каля 13 мільёнаў рублёў.

Аляксандар Фёдараў часткова сваю віну прызнаў, аднак зазначыў, што гэтыя парушэньні ён рабіў праз вытворчую неабходнасьць. Ягоныя кацельні цэнтральныя, яны ацяпляюць важныя дзяржаўныя аб’екты — райвыканкам, пракуратуру, школы. Фінансаваньне кацельняў недастатковае, каб падтрымліваюць іхную работу, казаў Фёдараў.

“Сытуацыя ўскладнілася, калі кацельні пачалі пераводзіць з газу на мясцовыя цьвёрдыя віды паліва. Паставілі новыя катлы, якія мелі істотныя канструктыўныя недапрацоўкі, яны часта ламаліся.

Я вымушаны быў набываць неабходныя для рамонту рэчы на рынках, бо на складах іх не было. Улік гэтых рэчаў я вёў нефармальна, бо паставіць іх на балянс было надта цяжка. Некаторыя з набыткаў застаюцца на складзе. А наяўнасьць іншых няцяжка праверыць, бо яны скарыстаныя для работы кацельняў і цеплатрас.

Праца новых катлоў была на асаблівым кантролі райвыканкаму. Гэтая катлы паставілі на загад прэзыдэнта Лукашэнкі”, — зазначыў на судзе Аляксандар Фёдараў.

Усе кацельні, якімі кіраваў Фёдараў, узорныя. Ніводнага разу яны не спынялі работы. Паглядзець на працу кацельняў неаднойчы прыяжджалі ўрадавыя дэлегацыі.

Пра першы дзень суду гаворыць старшыня Магілёўскай рэгіянальнай арганізацыі Партыі БНФ Рыгор Кастусёў:

“Мне на сёньняшнім пасяджэньні спадабаліся паводзіны Фёдарава. Ён трымаецца мужна, спакойна, прыстойна. Ён не разгубіўся. У сваіх паказаньнях ён апэлюе толькі да фактаў, якія пацьвярджаюцца дакумэнтальна.

Таго, што дакумэнтальна не пацьвярджаецца, ён нават ня згадвае. Я думаю, што суд прыме да ўвагі многія рэчы, пра якія ён казаў, і вынесе мякчэйшы вырак”.

Плянуецца, што суд будзе доўжыцца тры дні. За гэты час дапытаюць больш за дваццаць сьведкаў.

У пятніцу судзьдзя Сяргей Тараканаў зачытае вырак суду.

Радыё Свабода

• 50 гадоў адзначыў у турме старшыня Шклоўскай суполкі Партыі БНФ, 22.10.2007 • Кіраўнік Шклоўскай суполкі партыі БНФ А.Фёдараў застанецца ў турме, 15.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG