Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Габрэйскія арганізацыі адрэагавалі на выказваньне А.Лукашэнкі


Вячаслаў Кулік, Менск Зьвяз беларускіх габрэйскіх грамадзкіх аб’яднаньняў і абшчынаў выказаў занепакоенасьць выказваньнямі Аляксандра Лукашэнкі пра габрэяў — яны прагучалі 12 кастрычніка на канфэрэнцыі для расейскіх журналістаў. Вось цытата з заявы: “Наш непакой выкліканы перадусім тым, што неасьцярожнае выказваньне можа заклікаць да непрадказальных паводзінаў на побытавым узроўні тых, хто зьяўляецца носьбітам разбуральнай бацылы антысэмітызму”. Вось меркаваньне старшыні Зьвязу беларускіх габрэйскіх грамадзкіх аб’яднаньняў і абшчынаў Леаніда Левіна.

“Мы вельмі сьціпла ўсё гэта зрабілі. Мы разумныя людзі, і хацелі паказаць, што ў гэтай сытуацыі ня трэба ўсё секчы сякерамі. Трэба паказаць сваю інтэлігентнасьць, сваю адукаванасьць, сваю грамадзкую пазыцыю. Мы жывем у гэтай краіне, мы любім яе.

Некалькі разоў зьбіраліся, раіліся — і знайшлі вось такую сярэдзіну. Гэта калектыўная наша парада”, — кажа Леанід Левін.

Паводле суразмоўцы, да сёньня здараецца вандалізм на могілках і апаганьваньне месцаў масавых пахаваньняў габрэяў ды людзей іншых нацыянальнасьцяў.

Таксама Леанід Левін ня згодны з выказваньнем Аляксандра Лукашэнкі — што Бабруйск нібыта быў пры габрэях “сьвінушнікам”.

“Вось вы ўехалі ў Бабруйск — адразу шынны завод, нязграбны вялікі помнік, яшчэ нешта такое... Але калі ты наведаеш вулкі, то ў палон забіраюць карані нашай гісторыі й спадчыны. Таму для мяне Бабруйск — горад вельмі цудоўны. Вельмі цікавы. І вельмі прыгожы. І не таму прыгожы, што сёньня там будуюць вялікі палац са шкла і бэтону. Не”.

На прэсавай канфэрэнцыі 12 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка заявіў: “Калі вы былі ў Бабруйску, вы бачылі, у якім стане горад. У яго страшна было ўвайсьці! Сьвінушнік быў! Гэта быў у асноўным габрэйскі горад. Ну, вы ведаеце, як габрэі ставяцца да месца, дзе яны жывуць. Паглядзіце ў Ізраілі”.



• МЗС Ізраілю адклікала пасла зь Беларусі для кансультацыяў, 18.10.2007 • Амбасадара Ізраілю засмучае, што вінаватых у праявах антысэмітызму ў Беларусі не знаходзяць, 17.10.2007 • Л.Рубінштэйн: “Праява антысэмітызму ў Бабруйску — разбураныя могілкі”, 17.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG