Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйск: “Раней ён ухваляў Гітлера, цяпер ганьбіць габрэяў”


Вячаслаў Кулік, Менск Адміністрацыя прэзыдэнта Буша прапанавала Аляксандру Лукашэнку адмовіцца ад антысэміцкіх выказваньняў. Паводле прадстаўнікоў Дзярждэпартамэнту ЗША, словы беларускага прэзыдэнта, якія прагучалі на сустрэчы з расейскімі журналістамі 12 кастрычніка, выклікаюць трывогу. А як адрэагавалі на выказваньні Аляксандра Лукашэнкі жыхары Бабруйску?

Алесь Чыгір, сябар руху “За Свабоду”:

“Я ехаў у бабруйскім тралейбусе і чуў, як людзі абмяркоўваюць выказваньне Лукашэнкі. Мужчына сталых гадоў сказаў проста: “Ён дагаварыўся!” Я, аднак, ня зьдзіўлены гэтым выказваньнем. У самым пачатку, калі Лукашэнка стаў прэзыдэнтам, ён ухваляў Гітлера. Далейшыя яго заявы: “Адарваць галовы, пабіць, зьнішчыць!” — гэта значыць, пагрозы фізычнай расправы над актывістамі дэмакратычных сілаў — зьвёны аднаго ланцужку”.

Бабруйчанін Ігар Ходзька:

“Я – сталы жыхар Бабруйска. Таму лічу, што Лукашэнка абразіў ня толькі габрэяў, але і ўсіх бабруйчан. Наш горад талерантны. Зь дзяцінства памятаю, што пачынаем разам адзначаць Пэсах – габрэйскі Вялікдзень, пасьля — каталіцкі й праваслаўны”.

Анатоль Васюкевіч, дэпутат Бабруйскага гарсавету:

“Насамрэч Бабруйск моцна зьмяніўся ў лепшы бок. Было раней бруду больш. Каб было прыгажэй, патрэбныя намогі людзей і больш фінансаў. Цяпер гэта стабілізавана: нарасьцілі жаданьне й трохі больш грошай далі”.

Марат Петлах, сябар Зьвязу беларускіх габрэяў:

“Лукашэнка гаворыць, што бруд ад габрэяў. Але вось могілкі габрэйскія, лічыцца, лепш дагледжаныя. Хаця землякі разьехаліся, але ходзяць на могілкі родныя й сваякі ды даглядаюць месцы пахаваньняў”.

Вячаслаў Сьвізуноў, жыхар Бабруйску:

“Я вельмі шкадую, што габрэі амаль усе нас пакінулі. Гэта былі добрыя і спраўныя людзі. А наконт быццам бы добрага цяпер добраўпарадкаваньня магу параіць паглядзець на мікрараён “Цагельны”. Там увосень трэба хадзіць у гумавых ботах”.

Таіса Кабанчук, жыхарка Бабруйску:

“Тое, што сказаў пра габрэяў Лукашэнка, можна пачуць ад зусім неадукаванага чалавека. Слухайце, Бабруйск калісьці быў нават цэнтрам культуры — дзякуючы менавіта габрэям! І цяпер такое пра іх казаць?! Ня ведаю нават, чаму так заяўляе чалавек на такой пасадзе...”

Паводле апошняга перапісу насельніцтва, у Бабруйску цяпер 250 тысяч насельніцтва. Габрэяў у горадзе 4 тысячы.

• Дзярждэпартамэнт і Кангрэс ЗША крытыкуюць Лукашэнку за антысэміцкія выказваньні, 23.10.2007 • Амбасадара Ізраілю засмучае, што вінаватых у праявах антысэмітызму не знаходзяць, 17.10.2007 • Іна Герасімава: “Габрэі былі прыгнечаныя, але не апошнія людзі ў Бабруйску”, 17.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG