Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Прэзыдэнт Лукашэнка верне народу льготы”


Іна Студзінская, Менск Агляд недзяржаўных СМІ за 17 кастрычніка.

Крычаўскі “Вольны горад”. Нягледзячы на тое, што папярэдні нумар тыднёвіка дагэтуль знаходзіцца пад арыштам, выйшаў чарговы нумар. Рэдактару тыднёвіка Сяргею Няроўнаму, які зьвяртаўся да ўладаў, каб узгадніць разьмяшчэньне рэдакцыі па сваім хатнім адрасе, прыйшоў адказ. Артыкул з гэтай нагоды называецца “Райвыканкам ня згодны”:

“Прыйшоў адказ першага намесьніка старшыні райвыканкаму Сяргея Марозава: “Трэба яшчэ ўзгадняць яшчэ з пажарнікамі і санстанцыяй”. А яны заўсёды штосьці знойдуць: альбо труба не туды глядзіць, альбо кампутары штосьці выдзяляюць у паветра. Прайсьці іх ужо немагчыма”.

“Бобруйский курьер”. На габрэйскіх могілках учынены чарговы акт вандалізму: разбурана 15 помнікаў. Як адзначае старшыня бабруйскай габрэйскай грамады Леанід Рубінштэйн, гэта ўжо чацьвёрты выпадак вандалізму з пачатку году. Міліцыя пакуль што не знайшла вінаватых. Грамадзкасьць жа патрабуе ад гарадзкіх уладаў паставіць ахову, вартаўнікоў на могілках.

“Вольнае Глыбокае”. Тыднёвік працягвае цыкль “Горад, якога мы ўжо ня ўбачым”. Уладзімер Скрабатун апавядае пра помнік архітэктуры XIX стагодзьдзя, што на былой вуліцы Докшыцкай (цяперашняй Маскоўскай), 15, дзе сёньня разьмяшчаецца гарадзкі цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі. Дарэчы, будынак захаваўся на старой паштоўцы пазамінулага стагодзьдзя.

“Камэрсанты самавольна зьмяняюць формы вокнаў, дзьвярных праёмаў, – расказвае Ўладзімер Скрабатун. – Будзе дабудаваны новы корпус. Пад новым дахам ляпніна, элемэнты дэкору будуць зьнішчаныя: будынак будзе ўвесь абшыты пенаплястам”.

У Беларусі мала хто ведае, што мужам Лі, малодшай сястры Жаклін Кенэдзі-Анасіс, быў нашчадак магутнага роду Радзівілаў князь Станіслаў. Журналісты інтэрнэт-выданьня “Салідарнасць” правялі расьсьледаваньне і сабралі цікавыя зьвесткі пра жыцьцё Станіслава і Лі Радзівілаў, а таксама іх сына Энтані.

“Прэзыдэнт Лукашэнка верне народу льготы”. Замест бясплатнага праезду бедным студэнтам і пэнсіянэрам прапануюць грошы. Праўда, разьлічваць на дапамогу дзяржавы змогуць толькі самыя бедныя. А вось ніякіх кампэнсацыяў не атрымаюць пасьля адмены льготаў вайсковыя пэнсіянэры, чарнобыльцы і міліцыянты. Разьвіцьцё тэмы чытайце ў сьвежым нумары газэты “Комсомольская правда” в Белоруссии”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG