Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тадэвуш Кандрусевіч вяртаецца, каб узначаліць Беларускі касьцёл


Галіна Абакунчык, Менск Сёньня ў Менскім катэдральным касьцёле адбудзецца імша, якую правядзе мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. 21 верасьня Папа Рымскі Бэнэдыкт ХVІ прызначыў яго кіраўніком каталіцкага касьцёлу ў Беларусі. Тадэвуш Кандрусевіч вяртаецца на радзіму пасьля таго, як 16 гадоў узначальваў рыма-каталіцкі касьцёл у Расеі.

Імша ў менскай катэдры пакуль не прэзэнтацыйная: Тадэвуш Кандрусевіч правядзе яе як звычайны сьвятар. Гэта звычайная практыка касьцёлу,– паведамілі ў адміністрацыі Менска-Магілёўскай дыяцэзіі. Да прыкладу, у ліпені мітрапаліт быў госьцем у касьцёле вёскі Гудагай, ўзгадвае супрацоўніца катэдры спадарыня Данута.

“У Гудагаі было каранаваньне Маткі Боскай Шкаплернай. І быў Тадэвуш Кандрусевіч, трымаў прамову. І так гаварыў, так хораша гаварыў – сьлязьмі плакаў. І мы, здаецца, слухалі б яго ўвесь дзень – такая прамова харошая была”.

Ён шмат зрабіў, каб Касьцёл у Беларусі быў беларускім

У нядзелю ў касьцёлах Беларусі зачыталі Зварот Тадэвуша Кандрусевіча з нагоды ягонага вяртаньня ў Беларусь. Нават на польскамоўных набажэнствах пасланьне новага кіраўніка касьцёлу прамаўлялі па-беларуску. Ён зьяўляецца адным з заснавальнікаў першай каталіцкай духоўнай сэмінарыі ў Горадні, ініцыятарам выданьня духоўнай літаратуры па-беларуску. Менавіта Тадэвуш Кандрусевіч – першы, хто ў каталіцкім касьцёле напачатку 90-х зьвярнуўся да беларускіх вернікаў на іх роднай мове,– узгадвае пісьменьніца і верніца з Горадні Данута Бічэль:

“Упершыню каля нашай Фары, каля катэдры, на пляцы яго віталі тысячы людзей. І ён сказаў прывітаньне па-беларуску. Тады ён пачаў вельмі добра гэта рабіць і, можа, з гэтай прычыны... Але што там казаць пра прычыны – проста не было каго паслаць у Маскву, і паслалі яго. У яго станоўчая роля: ён вельмі сьветлы і добры чалавек, ён вельмі шмат зрабіў, каб касьцёл тут быў беларускі”.

Паходжаньнем з-пад Горадні, Тадэвуш Кандрусевіч працаваў на радзіме ў якасьці сьвятара толькі тры гады. Але ягоны ўплыў на разьвіцьцё беларускага Касьцёлу быў такім моцным, што ў Беларусі яго не забывалі ўсе апошнія 16 гадоў. Ведаюць яго і новыя пакаленьні вернікаў. Гаворыць адзін зь іх Віталь Самаль:

“Ведаю пра ксяндза-біскупа Тадэвуша Кандрусевіча, што нават у Расеі ён мовы роднай не забываўся, што нават там, у Маскве, была імша па-беларуску. Таму ўскладаю надзеі на пашырэньне беларускасьці ў касьцёле”.

Не дарэмна вяртаецца менавіта беларус на гэту пасаду

Тадэвуша Кандрусевіча зь вяртаньнем на радзіму віншуюць грамадзкія дзеячы, палітыкі, сярод іх – таксама гарадзенец Аляксандар Мілінкевіч. Тое, што ягонае прызначэньне паўплывае грамадзкую атмасфэру ў Беларусі, падкрэсьлівае палітоляг Уладзімер Мацкевіч:

“Не дарэмна вяртаецца менавіта беларус на гэту пасаду. Гэта сапраўды палітычная пасада: ён дыпляматычны, разумны, разважлівы, паліткарэктны чалавек. Таму, думаю, што ў кожным разе мы атрымаем у Беларусі калі ня зорку, то вельмі яскравую асобу. І гэта будзе мець добры ўплыў на стан грамадзкіх дыскусіяў і на паводзіны выбітных асобаў”.

Тадэвуш Кандрусевіч нарадзіўся 3 студзеня 1946 году ў вёсцы Адэльск ля Горадні. Закончыў фізыка-матэматычны факультэт Гарадзенскага пэдінстытуту, машынабудаўнічы факультэт Ленінградзкага політэхнічнага інстытуту. Працаваў інжынэрам на Віленскім заводзе, мае аўтарскія вынаходніцтвы. У 1976 годзе Тадэвуш Кадрусевіч паступіў у Духоўную сэмінарыю ў Коўне, якую скончыў у 1981 годзе, прыняў сьвятарскае пасьвячэньне. У 1981–1988 гадах служыў вікарыем у розных касьцёлах у Вільні. Ад 1988 году – пробашч гарадзенскіх парафіяў. У 1989 годзе Папа Ян Павал ІІ прызначыў Тадэвуша Кандрусевіча Адміністратарам Менскай дыяцэзіі для каталікоў Беларусі. Падчас свайго біскупскага служэньня ў Беларусі Тадэвуш Кандрусевіч заснаваў Гарадзенскую вышэйшую духоўную сэмінарыю, спрыяў вяртаньню і адкрыцьцю больш як 100 зачыненых касьцёлаў, распачынаў выданьне «Парадку Імшы» і «Катэхізісу» на беларускай мове. Мае навуковую ступень доктара тэалёгіі. 13 красавіка 1991 году Тадэвуш Кандрусевіч быў прызначаны Апостальскім Адміністратарам для каталікоў эўрапейскай часткі Расеі. Ад 1999 году Тадэвуш Кандрусевіч зьяўляецца акадэмікам Міжнароднай акадэміі навук Эўразіі.


• Арцыбіскуп Мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч”, 11.08.2004
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG