Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заслаўчан расчаравалі мясцовыя чыноўнікі


Радыё Свабода Жыхары Заслаўя не задаволеныя мясцовымі ўладамі. На сустрэчы з кіраўнікамі Менскага райвыканкаму людзі казалі, што ўлады абыякавыя да праблемаў гораду.

У адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі паступае шмат скаргаў з Заслаўя. Чыноўнікі Менрайвыканкаму вырашылі выслухаць нараканьні людзей у залі мясцовага Дому культуры. На ініцыятыву адгукнулася паўтары сотні жыхароў.

Спадар Віктар абураецца мясцовымі дарогамі:

Віктар: “Падчас дажджу і раставаньня сьнягоў жанчыны зь дзіцячымі вазкамі, мы ў гумавых ботах прабіраемся. Мы тут тонем. Як можа жанчына з вазком па гліне праехаць?”

Намесьнік старшыні Менскага райвыканкаму Сяргей Рута так адрэагаваў на гэтае абурэньне:

Рута: “Мы сёньня можам вінаваціць уладу. Але тое пытаньне, што існуе па ліўнёўцы ў Заслаўі, яно мае гэткі ж хваравіты характар практычна ва ўсіх маленькіх гарадах”.

Ці задаволіў такі адказ спадара Віктара?

Віктар: “Гэта чарговая “галачка”. Гэта проста “адмазка” — што яны правялі сход, былі пытаньні. Што яны робяць? Мне пятнаццаць хвілін расказваюць пра ўвесь раён. І парадак дня іншы. Ня лёс Менскага раёну, а гораду Заслаўя — сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё”.

У Алены Паўлавай і Вольгі Раманавай былі прэтэнзіі да якасьці заслаўскага жытла:

Раманава: “Я пісала ў адміністрацыю прэзыдэнта, але мне не адказалі. Вада хлешча гарачая. Усю зіму. Плаваюць фэкаліі, бо прарваная каналізацыя. У кватэрах пахне, як у прыбіральні. Блохі.. Дзеці хварэюць. Хаця жыльлёва-камунальная гаспадарка знаходзіцца насупраць нашага дому”.

Паўлава: “Яны проста чакаюць, калі дом абваліцца”.

Раманава: “На гарачую лінію патэлефанавалі, дык нам так і сказалі — што прыехалі б, калі б дом абваліўся”.

Незадаволеным узяўся дапамагчы старшыня Менскага райвыканкаму Міхаіл Глінскі:

Глінскі: “Калі неабходна будзе зрабіць нейкія кардынальныя дзеяньні, то яны будуць выкананыя”.

Аднак частка ўдзельнікаў сустрэчы выказала сумнеў на гэты конт і пакінула сход датэрмінова.

Клічко: “Мяне завуць Клічко Соф’я Яўгенаўна. Мікрараён 1, дом 2, кватэра 90. Усё гэта пустое. Мне, напрыклад, абяцалі, што яшчэ год таму адрамантуюць дах — у мяне сыра. У дзяцей астма.

Я жыву на пятым паверсе. У мяне з сабою лісты. Год таму павінны былі зрабіць, але зь месца праца ня зрушылася. Я плюнула дый пайшла. Нічога канкрэтнага. Пусты сход”, — заявіла ўдзельніца сходу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG