Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Салігорску дамагаюцца мясцовага рэфэрэндуму


Міхал Стэльмак, Салігорск Жыхары Салігорску дабіваюцца правядзеньня мясцовага рэфэрэндуму. Праз рэфэрэндум яго ініцыятары хочуць абараніць гарадзкі рынак і процістаяць будаўніцтву на яго месцы лядовага палацу.

Салігорскія ўлады абвясьцілі пра намер ліквідаваць рынак “Старавакзальны”. Паводле старшыні Салігорскага раённага савету дэпутатаў Лідзіі Клішэвіч, ён псуе выгляд гарадзкога цэнтру.
Л.Клішэвіч: “У нас па рынку праз бруд часта прайсьці немагчыма. Гэты рынак – адзін з нэгатываў”.
“Хочацца, каб людзям было камфортна, каб было зручна, – сказала ў інтэрвію “Свабодзе” Лідзія Клішэвіч. – У нас па рынку праз бруд часта прайсьці немагчыма. Я ня раз казала і прадпрымальнікам, і адміністрацыі рынку пра невыкананьне пажарных нормаў, бо там няма належнай адлегласьці паміж кантэйнэрамі. Маё меркаваньне, што гэты рынак – адзін з нэгатываў, якія мы маем сёньня ў добраўпарадкаваньні”.

У прадпрымальнікаў, што гандлююць на “Старавакзальным”, і салігорцаў, якія набываюць там тавары, іншае меркаваньне. Яны выступаюць за захаваньне рынку. Іх пазыцыя яшчэ больш умацавалася пасьля таго, як стала вядомая яшчэ адна прычына плянаў ліквідацыі рынку. На яго месцы ўлады зьбіраюцца пабудаваць лядовы палац. Меркаваны кошт новабудоўлі – 15 мільярдаў рублёў. У нязгодных узьнікла ідэя рэфэрэндуму.

“Мы падалі дакумэнты ў Салігорскі райвыканкам на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы для правядзеньня рэфэрэндуму, – расказаў прадпрымальнік Аляксандар Цацура. – Рэфэрэндум мы вырашылі правесьці, каб вывучыць стаўленьне насельніцтва: ці згодныя яны зь ліквідацыяй рынку “Старавакзальны” і будаўніцтвам на яго месцы лядовага палацу”.
А.Цацура: “Мы падалі дакумэнты ў Салігорскі райвыканкам на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы для правядзеньня рэфэрэндуму”.
У ініцыятыўнай групе – 58 чалавек. У іх ліку лідэр мясцовай суполкі партыі “Надзея” Ларыса Насановіч.

“Дзьве траціны людзей у складзе ініцыятыўнай групы – жанчыны. Палова зь іх – прадстаўніцы партыі “Надзея”. Найперш таму, што яны ў асноўным працуюць на рынку – прадпрымальніцы. Па-другое, паводле маіх назіраньняў, жанчыны цяпер больш ініцыятыўныя, сьмялейшыя”, – сказала Ларыса Насановіч.

Рашэньне адносна рэгістрацыі ініцыятыўнай групы павінна быць вынесенае салігорскімі ўладамі цягам найбліжэйшага месяца. Паводле Аляксандра Цацуры, мясцовыя актывісты правялі папярэдняе апытаньне жыхароў. З апытаньня вынікае, што ў выпадку дазволу рэфэрэндуму большасьць салігорцаў падтрымае яго ініцыятараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG