Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні амаль нічога ня ведаюць пра будаўніцтва Гарадзенскай ГЭС


Сяргей Астраўцоў, Горадня Міністар энэргетыкі Аляксандар Азярэц нядаўна заявіў аб неабходнасьці распачаць сёлета будаўніцтва Гарадзенскай ГЭС на Нёмане. Мясцовая прэса паведаміла, што гэта можа адбыцца ўжо ўвесну, хаця да канчатковага рашэньня адносна праекту яшчэ не дайшло. Станцыя будзе ўзьведзена на адлегласьці каля васьмі кілямэтраў ад Горадні, але жыхары абласнога цэнтру ня маюць наконт будучай будоўлі дастатковай інфармацыі.

У прадпрыемстве “Гроднаэнэрга” мне паведамілі, што ўся інфармацыя наконт будучай ГЭС — у Віктара Мікуліча. Ён быў на працоўным месцы, аднак падзяліцца гэтай інфармацыяй адмовіўся. Неафіцыйна мне ўдалося даведацца, што да сярэдзіны лютага павінны былі падрыхтаваць другі —альтэрнатыўны праект электрастанцыі. Першы варыянт — гэта яе будаўніцтва ў рэчышчы ракі, другі — у пойме. Абодва затым маюць прайсьці дзяржаўную экспэртызу, і толькі тады будзе вызначана — якую канкрэтна станцыю лепей будаваць.

Трэба сказаць, што раней плянавалі да гэтага часу ўжо закончыць будоўлю, аднак праект быў недасканалы, на што зьвярнулі ўвагу эколягі, а таксама грошай не было. Сума называлася — 25-27 мільёнаў даляраў. Праўда, паўтары гады таму чэская фірма “Алта” выйграла тэндэр на пастаўку абсталяваньня для Гарадзенскай ГЭС прыблізна на восем мільёнаў даляраў. Дарэчы, сёньня ўлады спрабуюць зацікавіць праектам іранскіх бізнэсмэнаў.

Я запытаўся ў гарадзенцаў: што яны ведаюць наконт будучай электрастанцыі і як ацэньваюць неабходнасьць яе будаўніцтва?

Спадар: “Інфармацыі пра гэта вельмі мала, яе не хапае. Невядома, напрыклад, якое абсталяваньне там будзе выкарыстана. Пра гэта трэба ня толькі ў газэтах пісаць, але і каб ў перадачах абласнога тэлебачаньня гарадзенцам распавялі, што гэта за станцыя, як будзе будавацца, ці ёсьць гарантыі, што прыродзе не нанясуць шкоды, ці ўсё будзе як трэба?”

Дзяўчына: “Мы нічога асабліва ня ведаем, значыцца не хапае інфармацыі”.

Сябра: “Ні па тэлевізары, нідзе не пачуеш пра будаўніцтва”.

Сталы спадар: “Я думаю, што інфармацыя недастатковая. Яе трэба даць больш, каб людзі ведалі: што гэта будзе за станцыя, у якім канкрэтна месцы і колькі кіляватаў энэргіі яна будзе даваць. Я цікаўлюся гэтай справай, таму што сам займаюся будаўніцтвам электрасетак. Я так думаю, што асноўная прычына ў недахопе грошай. Каб былі грошы, пэўна б і пытаньне з будаўніцтвам рухалася б хутчэй. Наша фірма ўжо будавала дзьве электрастанцыі: адну на Аўгустоўскім канале ў раёне Нямнова, а другую —там, дзе Зэльвенскае вадасховішча. Гэта невялікія электрастанцыі, а вось Нёманская будзе вялікая ГЭС, і я думаю, што ня горшая за каўнаскую, хаця там вады ў Нёмане болей, чым у нас. Трэба будаваць ГЭС, энэргіі не хапае ў Беларусі”.

Паводле спэцыялістаў, Гарадзенская ГЭС будзе мець магутнасьць 17 мэгаватаў, выпрацоўваць за год каля 90 мільёнаў кіляват-гадзінаў энэргіі. Паведамлялася таксама, што яна зможа забясьпечыць электрычнасьцю альбо самае буйное прадпрыемства гораду “Гродна Азот”, альбо запаліць лямпачкі ва ўсім абласным цэнтры. Спэцыялісты таксама зазначаюць, што энэргія вады ўдвая таньнейшая ад вырабленай на цеплаэлектрастанцыях. У іхніх плянах — каскад зь некалькіх ГЭС на Нёмане, першай зь якіх павінна стаць Гарадзенская.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG