Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выстава, прысьвечаная беларускаму нацыянальнаму супраціву


Паводле БелаПАН У Менску на ўправе Партыі БНФ адкрылася выстава работ мастака Алеся Цыркунова. Гэта першая з трох заплянаваных выставаў, прысьвечаных нацыянальна-вызваленчаму руху Беларусі апошняга стагоддзя.

Як адзначыў на цырымоніі адкрыцьця Алесь Цыркуноў, задача экспазыцыі - пэрсаніфікаваць нацыянальны супраціў акупацыям і камуна-бальшавіцкаму тэрору ХХ стагоддзя. "На паўтара дзясятках карцін у храналягічным парадку выяўлены галоўныя постаці беларускага нацыянальнага руху - гэта і Вацлаў Ластоўскі, і браты Луцкевічы, і Раман Скірмунт, Зоська Верас, Цётка, Алесь Гарун, Карусь Каганец, Браніслаў Тарашкевіч, Станіслаў Булак-Балаховіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Віктар Сікора, а таксама Васіль Быкаў, Міхась Ткачоў, Уладзіслаў Чарняўскі, Зянон Пазьняк, Цімох Вострыкаў", - адзначыў А.Цыркуноў.

Пры канцы лютага яго экспазыцыю зьменіць выстава палітычнага плякату. Паводле сябра культурніцкай камісіі Партыі БНФ Ігара Крашэўскага, выстава будзе складацца з рэпрадукцый плякатаў пачатку ХХ стагоддзя, пэрыяду нямецкай акупацыі, плякатаў часоў перабудовы, пачатку 1990-х гадоў, а таксама прадукцыі і атрыбутыкі палітычных кампаній 1994, 1996, 2000, 2001 і 2006 гадоў. "На выставе будуць прадстаўлены розныя плякаты і атрыбутыка, у тым ліку тая, што не друкавалася, але, напрыклад, зьмяшчалася ў блогах падчас апошняй выбарчай кампаніі", - паведаміў І.Крашэўскі.

У сакавіку да гадавіны намётавага мястэчка на Кастрычніцкай плошчы Менску, мастак і сябра сойму БНФ Аляксей Марачкін прэзентуе выставу, прысьвечаную падзеям 2006 году. У рамках экспазыцыі будзе прадэманстравана галоўная праца мастака - карціна "За Свабоду! Плошча Каліноўскага". Выстава будзе працаваць да канца красавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG