Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падзеі 11 красавіка паўплываюць на лёс палітвязьняў?


14 красавіка за адным сталом сабраліся тыя палітыкі і грамадзкія актывісты, зьвінавачаныя паводле крымінальнай справы аб падзеях 19 сьнежня, якім артыкул 293-ці Крымінальнага кодэксу аб арганізацыі масавых беспарадкаў быў зьменены на мякчэйшы, 342-гі — грубае парушэньне грамадзкага парадку. Сустрэчу зладзілі актывісты кампаніі «Гавары праўду».



Пра мэту такой сустрэчы гаворыць адзін з абвінавачаных палітыкаў, актывіст кампаніі «Гавары праўду» Сяргей Вазьняк:

«Мы зараз, нас дзесяць чалавек, хочам самі вырашыць, што нам рабіць з-за гэтага артыкула: радавацца ад шчасьця ці аблівацца сьлязьмі? І другое пытаньне — гэта салідарнасьць ня толькі паміж намі, але і з тымі 60 чалавекамі, якія ідуць паводле крымінальнага артыкула, і з тымі 700, якія атрымалі адміністрацыйнае пакараньне. І вось пад гарбату і торцік мы гэтую тэму хочам абмеркаваць».

Удзел у сустрэчы ўзялі палітыкі, якім абвінавачаньне перакваліфікавалі на мякчэйшае: Аляксандар Фядута, Андрэй Дзьмітрыеў. Ірыну Халіп прадстаўляла Люцына Бяльзацкая. Адзін з прысутных, Віталь Рымашэўскі, адзначыў, што тэма салідарнасьці для ўсіх іх яшчэ доўга будзе заставацца актуальнай:

«Я ведаю, што зьмена артыкула адбылася ў выніку салідарнасьці, у тым ліку, з боку міжнароднай супольнасьці. І я думаю, што лёс вязьняў шмат у чым залежыць ад людзей, якія зараз на свабодзе. Прынамсі, я таксама не адчуваю сябе на свабодзе».

Абмяркоўваючы праблемы палітвязьняў і салідарнасьці зь імі, удзельнікі сустрэчы не абмінулі тэмы тэракту ў менскім мэтро і магчымага ўплыву гэтага здарэньня на лёсы апазыцыйных палітыкаў.

Сяргей Вазьняк, Наста Палажанка, Аляксандар Фядута.

Наста Палажанка
: «Канечне, гэта будзе мець моцны ўплыў на стасункі ўлады і апазыцыі, на жыцьцядзейнасьць апазыцыі. І зразумела, што калі ў краіне нешта адбываецца і адбываецца празь недагляд спэцслужбаў, то ў выніку заўсёды будзе крайняю апазыцыя».

У зьвязку з падзеямі ў менскім мэтро будуць скарэктаваныя і далейшыя дзеяньні апазыцыйных палітыкаў, заявіў Сяргей Вазьняк:

«Сапраўды, 11 красавіка паўплывае на ход падзей. Бо ўжо палітычных актывістаў выклікаюць на допыты, наведваюць дома. Мне сёньня адзін таварыш з Гомелю таксама патэлефанаваў і паведаміў. І гэта адна з праблем, якую нам неабходна абмеркаваць. І, магчыма, 11 красавіка таксама падштурхне нас да карэктаваньня сваіх дзеяньняў».

Чарговым фірмовым сюрпрызам, якія падчас сваіх імпрэзаў традыцыйна ладзіць кампанія «Гавары праўду», стаўся торт з крэмавым нумарам крымінальнага артыкула — 342.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG