Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У выніку выбуху можа адбыцца пераразьмеркаваньне ўплываў. І не на карысьць сілавікоў»


Якія палітычныя наступствы можа прынесьці выбух у менскім мэтро? Ці будзе ўлада рэагаваць так, як і 3 ліпеня 2008 году, калі пасьля выбуху на праспэкце Пераможцаў затрымалі дзясяткі палітычных актывістаў апазыцыі, а потым усіх вызвалілі? Якім замежным палітычным сілам можа быць выгадна тое, што здарылася на станцыі Кастрычніцкай? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Юры Чавусаў.

Цыганкоў: Якія палітычныя наступствы можна прагназаваць ад выбуху ў менскім мэтро? Гэта найбуйнейшы тэракт у гісторыі сувэрэннай Беларусі (вядома, калі пацьвердзіцца вэрсія, што гэта тэракт). Да якіх палітычных страсеньняў ён можа прывесьці?

Чавусаў: Сапраўды, вэрсія тэракту выглядае найбольш абгрунтаванай, хоць, вядома, неабходныя матэрыялы расьсьледаваньня, каб рабіць больш доказныя ацэнкі. Я б падзяліў палітычныя наступствы гэтага інцыдэнту на некалькі ўзроўняў.

Я мяркую, можа адбыцца пераразьмеркаваньне ўплываў унутры кіроўнай эліты. І ня факт, што гэтае пераразьмеркаваньне будзе на карысьць сілавікоў. Занадта яны ўзмацніліся за апошні час, занадта ўлада стала залежнай ад іх. Магчыма, роля гэтага выбуху будзе падобная да той ролі, якую адыграў выбух 3 ліпеня 2008 году, калі тэрарыстычны акт быў выкарыстаны для таго, каб адхіліць шэраг сілавікоў.

Цыганкоў: Калі вы ўжо ўзгадалі 3 ліпеня, ці можна сказаць, што ўлада можа рэагаваць гэтаксама, як і тады — затрымліваючы дзясяткі палітычных актывістаў? Іх, праўда, усіх выпусьцілі, а вінаватых не знайшлі дагэтуль.

Чавусаў: Я б яшчэ прыгадаў і выбухі 2005 году ў Віцебску. Як і выбух 3 ліпеня, яны суправаджаліся, можна сказаць, павальнымі, масавымі арыштамі прадстаўнікоў апазыцыі. Таму можна меркаваць, што, незалежна ад узмацненьня ці аслабленьня сілавікоў, працэдура рэакцыі на гэты тэракт і ажыцьцяўленьня сьледчых дзеяньняў будзе падобная — нерацыянальная. Яны папросту інакш ня ўмеюць, нашыя сілавыя структуры.
Магчыма, і вынікам выбуху ў мэтро можа стаць дэманстратыўнае адхіленьне тых сілавікоў, якія адказныя за здушэньне пасьлявыбарчых пратэстаў.

Цыганкоў: Ці можна ўжо зараз рабіць палітычныя высновы, якім замежным сілам можа быць патрэбны гэты выбух?

Чавусаў: Шчыра кажучы, якраз замежным сілам гэты выбух можа быць і выгадны. Тут ня будзе сакрэтам, што падобныя дзеяньні звычайна асацыююцца з расейскім вэктарам у палітыцы. Гэта,так бы мовіць, расейскі «вялікі стыль» вядзеньня палітычнай барацьбы. Менавіта там узрываюць дамы напярэдадні выбарчых кампаніяў.

Зь іншага боку, магчымае іншае канструяваньне падзеяў. Выбух 3 ліпеня стаў нагодай для адхіленьня Шэймана, патрапіў у рэчышча замірэньня з Захадам. Магчыма, і вынікам выбуху ў мэтро можа стаць дэманстратыўнае адхіленьне тых сілавікоў, якія адказныя за здушэньне пасьлявыбарчых пратэстаў, што ў спалучэньні зь мяккімі прысудамі ці вызваленьнем палітвязьняў можа адкрыць шлях да дыялёгу беларускага рэжыму з Захадам.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG