Украіна паступова пераўтвараецца ў месца, дзе беларуская апазыцыя ў адноснай бясьпецы можа перачакаць не найлепшыя часы. Пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў, якія скончыліся масавай зачысткай апанэнтаў рэжыму, у Кіеў, Чарнігаў, Харкаў ды іншыя гарады выправілася новая хваля дэмакратычных актывістаў, перад якімі на радзіме паўстала дылема: турма ці вымушаная міграцыя? Cтаршыня руху салідарнасьці "Разам" Вячаслаў Сіўчык сёлета таксама зьехаў ва Ўкраіну і цяпер дапамагае адаптавацца там іншым землякам.
Спадар Сіўчык добра ведае сталіцу Ўкраіны яшчэ з часоў памаранчавай рэвалюцыі. У 2004-м разам зь іншымі беларускімі дэмакратычнымі актывістамі падтрымліваў прыхільнікаў Віктара Юшчанкі, быў сярод тых, хто ставіў першыя беларускія намёты на Майдане. Зь лідэрам арганізацыі "Правы альянс" Юрасём Карэтнікавым, які цяпер таксама ў Кіеве, яны часта прыходзяць на Храшчацік, каб згадаць тыя бурныя гістарычныя падзеі:
"Я ў Кіеве ўжо больш за месяц. Крок гэты быў зроблены, таму што іншых крокаў зрабіць было ўжо немагчыма. На мяне пачалі паляваць яшчэ 18 сьнежня, але мне ўдалося ня даць сябе арыштаваць. Я быў 19-га на Плошчы, адкуль таксама сышоў, і да 25-га яшчэ дзейнічаў паўлегальна. Цудоўна разумеў, што адбываецца ў краіне, але ж мабільнік мой быў уключаны. Пасьля 25 сьнежня ўжо магчымасьці карыстацца сотавай ці электроннай сувязьзю проста не было — пайшла татальная зачыстка. Чаму яна ішла — цудоўна зразумела. Нягледзячы на тое, што беларускі народ пазбаўлены права выбару з 1996 году, на гэтых псэўдавыбарах, якія цалкам праводзіла ўлада, Лукашэнка праваліўся і, паводле дадзеных усіх незалежных экзыт-полаў, незалежных назіральнікаў, набраў ад 30 да 40%. Для таго каб гэтыя лічбы прыдушыць, была праведзеная і зачыстка Плошчы, і пачаліся такія масавыя рэпрэсіі. Увогуле пачалася адкрытая дзейнасьць КДБ — тое, чаго не было ў найноўшай гісторыі Беларусі.
Вось чаму мы маем зараз дзясяткі палітвязьняў, і я баюся, што гэты сьпіс увесь час будзе павялічвацца. Бо адэкватных адказаў ні з боку беларускага грамадзтва, ні з боку дэмакратычнай супольнасьці Захаду Лукашэнку не было зроблена. І ён сябе паводзіць як заўсёды: калі бачыць, што яму нічога не пагражае, ён проста зьвярэе і калечыць людзей. У гэтых умовах, натуральна, я вымушаны быў часова пакінуць тэрыторыю Беларусі. Я думаю, што вярнуся дастаткова хутка, нават калі гэтая хваля рэпрэсіяў будзе працягвацца, таму што бяз Бацькаўшчыны жыць дастаткова цяжка. Іншая справа, што нават вярнуўшыся, я ня буду мець магчымасьці браць удзел у акцыях апазыцыі і займацца палітычнай дзейнасьцю".
Карэспандэнт: "Асабіста вы сябе ня лічыце палітэмігрантам. Але ў той жа Ўкраіне можна лічыць на дзясяткі людзей, якія былі вымушаныя зьехаць зь Беларусі. І ўсё ж, што гэта за статус?".
"У гэтых людзей розны статус. Тут ёсьць і палітэмігранты, а ёсьць тыя, хто будзе вяртацца ў Беларусь. Сапраўды, ва Ўкраіне зараз досыць шмат
беларусаў, якіх мы ведаем, за гэты час тут было чалавек сорак ...
беларусаў. Не магу нават назваць лічбу, бо частка праз Украіну едзе на Захад. Але магу сказаць, што беларусаў, якіх мы ведаем, за гэты час тут было чалавек сорак. Гэта не азначае, што і зараз яны знаходзяцца на тэрыторыі Ўкраіны; частка зь іх паехала вучыцца ў іншыя дзяржавы, бо вельмі шмат моладзі, частка ўладкоўваецца ў іншых краінах, і ня толькі на Захадзе, частка пакуль тут. Тое, што столькі беларусаў вымушаныя зараз быць за межамі Беларусі, вельмі кепска і для самой Беларусі, і для тых людзей, якія апынуліся ў іншых краінах. Вядома, каб быў выбар, то ўсе засталіся б на радзіме. Іншая справа, што рэпрэсіі зараз вельмі магутныя, хапаюць літаральна ўсіх, ні на дзень не супакойваюцца. Таму дастаткова вялікая маса людзей вымушана знаходзіцца па-за тэрыторыяй Беларусі. Я думаю, што большая частка гэтых людзей стане палітэмігрантамі, а частка вернецца дадому".
Карэспандэнт: "Як вы лічыце, калі б людзі ведалі, што ім ва Ўкраіне будзе аказаная нейкая дапамога, нават самая элемэнтарная — хоць бы ў справе прыёму, хваля ўцекачоў была б большай?".
"Магчыма. Але ўсё роўна ўзьнікае вельмі шмат розных праблемаў, і гэтыя пытаньні трэба вырашаць. Мы таксама гэтым займаемся, выкарыстоўваем увесь свой досьвед, каб дапамагаць беларусам з гэтай хвалі, пра якіх мы ведаем, бо ўсё сапраўды няпроста. Але, ведаеце, нават у нашым нацыянальным характары ёсьць, што беларусы заўсёды спадзяюцца на сябе. Таму, нават проста выехаўшы ў іншую краіну, наш чалавек звычайна ня толькі выжывае, а яшчэ знаходзіць сілы займацца і беларускімі справамі. Такія прыклады я ведаю. Людзі, якія выехалі зь Беларусі і 10 гадоў таму, і 5 гадоў таму — а не пра ўсіх мы нават ведалі — за гэты час тут сталі на ногі. Хто жаніўся, хто замуж выйшаў (бо жыцьцё ж працягваецца), адаптаваліся да ўкраінскага грамадзтва. Частка ўжо грамадзяне Ўкраіны, частка беларускае грамадзянства захавала. Працуюць тут, але застаюцца беларусамі. Калі ў іх ёсьць магчымасьць, яны і ў акцыях удзельнічаюць, і наагул падтрымліваюць беларускі рух. Прычым уратавалі яны сябе самі, скажам так, практычна без усялякай падтрымкі".
Карэспандэнт: "Ці магчымая ва Ўкраіне сытуацыя, блізкая, скажам, да Польшчы? Там салідарнасьць зь Беларусьсю ўсё ж на нашмат вышэйшым узроўні, прынамсі, ёсьць магчымасьць вучыцца, працаўладкоўвацца…".
"Ва Ўкраіне сёньня такое немагчыма, таму што ўкраінскія дзяржаўныя інстытуты займаюць розныя пазыцыі, у тым ліку і ў адносінах да лукашэнкаўскай дыктатуры. Тут яшчэ няма вызначанай дзяржаўнай палітыкі — што ж адбылося ў Беларусі 19 сьнежня? Па-рознаму гэта ацэньваецца рознымі палітычнымі групамі ўкраінскай палітычнай эліты. Адкуль урэшце і ўзьнікла адна з ідэй, што Ўкраіна павінна стаць ня разам з цывілізаваным сьветам, а нейкім пасярэднікам паміж цывілізацыяй і дыктатурай. Ня ведаю, у чым сэнс гэтай ідэі, не разумею, як яе можна ажыцьцявіць і наколькі гэта рэальна. Але, зыходзячы з гэтага, сёньня ва Ўкраіне няма ніякай падтрымкі тым людзям, каго душыць лукашэнкаўская ўлада. Мы вельмі спадзяемся, што ўзьнікнуць ня проста структуры, якія дапамагаюць беларусам, а палітычныя ўкраінскія інстытуцыі, якія б дапамагалі беларускай нацыі захаваць дзяржаўнасьць і прыйсьці да дэмакратыі. Мы ў гэтым кірунку якраз і працуем, каб тут узьніклі такія аб'яднаньні, якія ёсьць у Польшчы, у Літве, дзе беларускае пытаньне сапраўды вельмі важнае і для ўнутранай палітыкі. І дзе шмат ёсьць палітыкаў, якія ў адкрытую дэкляравалі сваю прыхільнасьць да таго, каб Беларусь была незалежнай, дэмакратычнай дзяржавай".
Карэспандэнт: "Наколькі я разумею лёгіку, улады Ўкраіны ня супраць, каб тут знаходзіліся апанэнты беларускага рэжыму, але ўсё астатняе — праблемы саміх людзей, якія застаюцца тут працаўладкоўвацца, шукаць грошы і г.д.".
"Абсалютна: атрымліваць ці не атрымліваць грошы, працаваць ці не працаваць — гэта ўсё, сапраўды, залежыць ад кожнага канкрэтнага беларуса, які трапіў у гэтую краіну толькі з той прычыны, што ў Беларусі пануе дыктатура. Можа, гэта і добра. Але ў любым выпадку гэта рэальнасьць…".
Карэспандэнт: "Дагэтуль як "неадназначная" ацэньваецца сытуацыя вакол Алеся Міхалевіча, які зараз таксама далёка ад радзімы. Нават тыя, хто адпачатку ня бачыў у ім змагара, пасьля ягоных заяваў думку зьмянілі. Як ставіцеся да гэтай гісторыі?…".
Падпіска аб супрацы з КДБ — гэта рэч, якую ў прынцыпе дазваляць сабе ніхто ня мае права ...
"Я тут бачу праблему не Міхалевіча, а праблему беларускага грамадзтва. Чаму ўхваляюць крок Міхалевіча і называюць яго героем? Таму што многія пабачылі ягоную слабасьць і перанесьлі яе на сябе. Яны думаюць, што можна, напрыклад, гуляцца з такой пачварнай структурай, як КДБ, якая дзесяцігодзьдзямі вынішчала беларускую нацыю. Што яе можна перахітрыць. Глупства неймавернае. Падпіска аб супрацы з гэтай арганізацыяй — гэта рэч, якую ў прынцыпе дазваляць сабе ніхто ня мае права. Таму што гэтая арганізацыя зьнішчае беларускую нацыю і г.д. Я думаю, што гэтая гісторыя ўжо мае свой фініш, практычна ўсё стала на свае месцы. Адзінае, мы зноў вярнуліся да той псэўдапрэзыдэнцкай кампаніі і, мабыць, усе беды Міхалевіча былі закладзеныя тады, калі ніхто з нармальных, аўтарытэтных людзей не асудзіў яго за вядзеньне прэзыдэнцкай кампаніі пры акупацыі. Такім чынам, мы яго не ўратавалі, ён трапіў у турму, і далейшы лёс яго, канечне, быў жахлівы…".