У манэўрах удзельнічаюць больш за 1500 вайскоўцаў зь Беларусі, Расеі, Казахстану, Кіргізстану і Таджыкістану. Вучэньні праходзяць падчас поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны і ўзмацненьня мілітарызацыі ў рэгіёне.
Камандна-штабныя вучэньні міратворчых сілаў АДКБ адкрылі ў Віцебску, а спэцыяльныя вучэньні «Бар’ер-2026» — у Старых Дарогах. Паводле Міністэрства абароны Беларусі, вайскоўцы папрактыкуюцца ў правядзеньні міратворчай апэрацыі і ў ліквідацыі крыніцаў біялягічных пагрозаў.
У манэўры залучаныя таксама прадстаўнікі праваахоўных органаў, унутраных войскаў і нацыянальных гвардыяў краін-удзельніц. Агулам тэхнікі больш за 300 адзінак, у тым ліку каля 80 дронаў.
Начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Беларусі Ўладзімер Белы заявіў, што вучэньні праходзяць ва ўмовах росту ваеннай небясьпекі. Ён абвінаваціў заходнія краіны ў нарошчваньні ваеннага патэнцыялу і рыхтаваньні да новай вайны.
Што папярэднічала
Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі й абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
У падтрыманьні расейскай агрэсіі цяпер удзельнічае шэраг беларускіх прадпрыемстваў розных галін вытворчасьці.
З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў Беларусі фактычна на сталай аснове адбываюцца вайсковыя вучэньні, якія Аляксандар Лукашэнка тлумачыў пагрозамі й магчымым уварваньнем на беларускую тэрыторыю з Польшчы, Літвы ці Ўкраіны. Хоць за ўвесь час з 2022 году не было ніводнага доказу наяўнасьці такіх плянаў.
Сёлета ў чэрвені й ліпені ўлады і вайсковае кіраўніцтва Беларусі надалей гаварылі аб плянах «калектыўнага Захаду» напасьці на Беларусь і Расею. З адпаведнымі заявамі выступіў міністар абароны Віктар Хрэнін на паседжаньні Рады міністраў абароны краінаў АДКБ у Маскве, а потым і на IV «Міжнародным антыфашысцкім кангрэсе» ў Менску, дзе ён абвінаваціў эўрапейцаў у «нацысцкім мэнталітэце» і рыхтаваньні да вайны.
Але ўжо ў канцы ліпеня Хрэнін у дакладзе Аляксандру Лукашэнку заявіў пра спакойную вайскова-палітычную абстаноўку вакол Беларусі і «брак прыкметаў рыхтаваньня да актыўных дзеяньняў з боку суседніх дзяржаваў».
16 жніўня камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Беларусі Андрэй Лук’яновіч ужо канстатаваў брак вонкавай пагрозы для Беларусі і аднаўленьне апэратыўных кантактаў з Латвіяй, Літвой і Польшчай.
Расея і Ўкраіна збольшылі выкарыстаньне на вайне дронаў. Пры гэтым падчас абстрэлаў расейскія і ўкраінскія дроны сталі часьцей залятаць на тэрыторыю Беларусі. Аб гэтых фактах паведамляюць ня ўлады Беларусі, а ўкраінскія маніторынгавыя каналы.
Апроч таго, вядома некалькі выпадкаў, калі расейскія і ўкраінскія дроны з тэрыторыі Беларусі заляталі ў краіны Балтыі.
Форум