На відэа Пасноў, у якога яшчэ ў мінулым дзесяцігодзьдзі былі сур'ёзныя праблемы з уладам, вітаецца і (пасьля мантажнай склейкі) называе артыкул, па якім ён зняволены – 167, частка 3 (гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару ў дачыненні да малалетніх). На сьцяне ў памяшканьні вісіць каляндар з датай 5 кастрычніка. Гэта адзінае, што можа сьведчыць пра тое, што відэа новае.
Склейка можа тлумачыцца тым, што стандартная форма вітаньня асуджанага з супрацўнікам калёніі прадугледжвае прагаворваньне поўнай інфармацыі пра прысуд і тэрмін зьняволеньня.
Пра тое, што Пасноў памёр у Наваполацкай калёніі, 4 кастрычніка на сваёй старонцы ў Фэйсбуку паведаміў праваабаронца Павел Левінаў.
У праваабронцаў няма апошняга прысуду, паводле якога Пасноў адбывае пакараньне, бо ў яго быў закрыты суд, і таму ён не прызнаны палітвязьнем.
Праваабаронцам было вядома толькі тое, што апошні раз Паснова судзілі па крымінальным артыкуле, зьвязаным з сэксуальным гвалтам. Паводле крыніцаў Свабоды, у Наваполацкай калёніі №1 Пасноў атрымаў так званы «нізкі статус», які робіць чалавека ізгоем паводле негалосных турэмных правілаў, прадугледжвае выкананьне непрэстыжнай працы і абмежаванні на камунікацыю зь іншымі асуджанымі. Адміністрацыя Наваполацкай калёніі таксама паставіла яго на прафулік і шмат разоў карала штрафным ізалятарам.
Якія канфлікты з ўладамі Пасноў меў у мінулым
Віцебскі лекар Ігар Пасноў быў вядомы сваімі шматлікімі выступамі ў інтэрнэце з крытыкай мясцовых уладаў і стану мэдычных установаў Віцебшчыны. У 2013 годзе пасьля шэрагу крытычных выступаў галоўны ўрач Віцебскага абласнога клінічнага цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі Алена Мартынава ініцыявала зьмяшчэньне яго на прымусовае псыхіятрычнае лячэньне. Суд Віцебскага раёну санкцыянаваў гэтае рашэньне. Пасноў спрабаваў яго аспрэчыць, але беспасьпяхова.
Прымусовае псыхіятрычнае лячэньне ён праходзіў на працягу месяца. Праваабарончая арганізацыя Amnesty International заявіла пра гатоўнасьць прызнаць Паснова вязьнем сумленьня.
У 2019 годзе Паснова прызналі вінаватым у паклёпе на пракурора Віцебску Юрыя Раманоўскага. Тады суд Бешанковіцкага раёну пад старшынствам судзьдзі Натальлі Рошчынай прызнаў Паснова вінаватым «у распаўсюдзе заведама непраўдзівых выдумак, якія няславяць іншую асобу (паклёп), разьмешчаных у глябальнай сетцы інтэрнэт», і на падставе ч. 2 арт. 188 Крымінальнага кодэксу Беларусі пакараў яго абмежаваньнем волі на 3 гады з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Пасноў разам зь іншым чалавекам тады напісалі заяву, у якой абвінавацілі пракурора Раманоўскага ў тым, што той, карыстаючыся службовай уладай, заступіўся за сяброўку сваёй жонкі, на якую была заведзена крымінальная справа, а пазьней спрыяў яе незаконнаму вызваленьню ад крымінальнага перасьледу. Заява была разасланая па больш чым 20 адрасах (у тым ліку ў Amnesty International, амбасады Вялікай Брытаніі, Латвіі, Чэхіі) і ў той жа дзень апублікаваная на старонках Паснова ў Фэйсбуку і «ВКонтакте».