Паводле абноўленых папярэдніх зьвестак, якія публікуе Delfi на 13-ю гадзіну менскага часу, за гэты сьпіс прагаласавалі 35,3% выбарнікаў і ён зойме 42 з 100 крэслаў у парлямэнце Латвіі.
Другое месца заняла партыя «Латвія на першым месцы» (13,1%), трэцяе – блёк «Сувэрэнная ўлада» / «Младалатышы» (11,7%). У парлямэнт таксама прайшлі «Нацыянальнае абʼяднаньне», «Прагрэсіўныя» і «Новае адзінства».
Яўка склала 51,68% – гэта рэкордна нізкі паказчык на парлямэнцкіх выбарах пасьля аднаўленьня незалежнасьці Латвіі.
Дзейны прэмʼер Андрыс Кулбэргс ужо заявіў аб гатоўнасьці стварыць наступны ўрад.
Не прайшла партыя, якую ўзначальваў экс-дэпутат, што зьбег у Беларусь
Сярод партыяў, якія не пераадолелі 5-адсоткавы бар'ер, партыя «Стабільнасьць!», якую да красавіка ўзначальваў Аляксей Росьлікаў, што зьбег з Латвіі ў Беларусь. Паводле інфармацыі Delfi, партыя набрала менш за 2% галасоў. Роьслікаў заяўляў, што вернецца ў Латвію пасьля перамогі гэтай партыі на выбарах.
Рослікаў, былы дэпутат Саэймы Латвіі і былы дэпутат Рыскай думы, у Беларусі зьявіўся ў красавіку 2026 году. Перамяшчэньню Росьлікава з Рыгі ў Менск папярэднічалі шматлікія скандалы, гучныя заявы з трыбуны ў Саэйме накшталт «Нас больше, русский язык — наш язык!» і пагроза крымінальнага перасьледу за дзейнасьць на карысьць варожым Латвіі дзяржавам.
Форум