80% імпарту калійных угнаеньняў у ЗША прыпадае на Канаду. На амэрыканскі рынак ідзе амаль палова канадыйскага экспарту калію, што дае магчымасьць кампаніям Канады зарабіць $4,2 млрд. У цяперашні момант гэты від прадукцыі вызвалены ад амэрыканскага мыта.
Беларускае дзелавое выданьне Office Life прааналізавала публікацыі ў шэрагу мэдыя, рэакцыі ўдзельнікаў калійнага бізнэсу Канады і іхныя ацэнкі магчымай зьмены сытуацыі.
Усе 10 канадыйскіх руднікоў, якія належаць кампаніям Nutrien, The Mosaic Company, Compass Minerals і K+S Potash Canada і забясьпечваюць амаль траціну ўсясьветнай вытворчасьці, разьмешчаны ў правінцыі Саскачэван.
Прэзыдэнт Горназдабыўной асацыяцыі Саскачэвану Пэм Шван сумняваецца, што беларускі калій цалкам заменіць канадыйскі.
«Нашы калійныя руднікі вымушаныя прымаць актуальныя ўсясьветныя цэны. Яны іх не выстаўляюць. Цана вызначаецца рынкам і перамовамі. Я чакаю, што тое самае будзе і зь беларускім каліем», — заявіла яна.
Галіновая асацыяцыя Fertilizer Canada, у сваю чаргу, нагадала пра важнасьць геаграфічнай блізкасьці паставак у крытычныя пэрыяды пасяўной у ЗША.
«Моцны й інтэграваны паўночнаамэрыканскі ланцужок паставак угнаеньняў дапамагае падтрымліваць прадукцыйнасьць фэрмэрскіх гаспадарак, цэнавую даступнасьць і харчовую бясьпеку па абодва бакі мяжы», — адзначаюць у Fertilizer Canada.
Канадыйскія аналітыкі пагаджаюцца ў меркаваньні, што зьдзейсьніць пляны Трампу будзе нялёгка і дорага. Напрыклад, эканаміст Эрын Уір нагадаў, што, адрозна ад Беларусі, Канада мае бясспрэчную лягістычную перавагу: простыя пастаўкі чыгункай у аграрныя штаты ЗША абыдуцца значна таньней, чым спробы даставіць беларускі калій караблямі ў амэрыканскі порт, а затым перагружаць яго на цягнікі.
Акрамя таго, экспэрт сумняецца ў тым, што Менск мае дастаткова свабодных рэзэрвовых аб’ёмаў. Акурат на іх брак напярэдадні намякаў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка.
У той жа час у Канадзе бачаць у ініцыятыве Трампа моцную пагрозу цэнаўтварэньню. Прафэсар эканомікі Ўнівэрсытэту Рэджайны Джэйсан Чайлдз падкрэсьліў, што канадыйскія вытворцы доўгі час атрымлівалі выгаду праз адсутнасьць Беларусі і Расеі на рынку Паўночнай Амэрыкі.
«Калі яны выйдуць на гэты рынак, нам давядзецца зь імі канкураваць, што ўдарыць па нашых даходах і адмоўна адаб’ецца на цане, якую мы зможам атрымаць за прадукт», — канстатаваў ён.
Пастаўкі беларускага калію ў ЗША
ЗША набываюць за мяжой каля 92–94% калійных угнаеньняў, якія спажываюць. Свая вытворчасьць вельмі абмежаваная і складае каля 1% усясьветнай здабычы і 8% ад уласных патрэбаў.
Беларусь да санкцыяў, уведзеных у 2021 годзе, пастаўляла ў ЗША крыху больш за 700 тыс. тонаў калійных угнаеньняў на год. Гэта складала 8% амэрыканскіх закупак калію.
Пасьля ўводу санкцыяў афіцыйная беларуская статыстыка здабычы і экспарту калійных угнаеньняў больш не публікуецца. Але гэта ня значыць, што яе нельга дазнацца. Паводле Геалягічнай службы Міністэрства ўнутраных справаў ЗША, экспарт калію зь Беларусі ў 2024 годзе склаў 6,43 мільёна тонаў. Асноўным пакупніком была Кітайская Народная Рэспубліка.
Таксама беларускую калійную соль набываюць Бразылія і Індыя, але апошнімі гадамі экспарт у гэтыя краіны скараціўся празь іх нежаданьне трапіць пад другасныя санкцыі. Аднак у сакавіку 2026 санкцыі зь беларускага калію амэрыканцы зьнялі, што можа разьняволіць і названыя краіны.
У 2024-м Беларусь павялічыла вытворчасьць калію да 7,1 мільёна тонаў. То бок тэарэтычна Беларусь магла б забясьпечыць патрэбы амэрыканскага рынку. Аднак гэта толькі ў тэорыі. Беларусь ужо мае кантракты на пастаўку калію і скасоўваць іх ня будзе, а моцна нарасьціць аб’ёмы вытворчасьці проста ня ўдасца, кажа ў камэнтары Свабодзе эканаміст Мікалай Кульбака.
«Рэальна ўявіць сабе, што цяпер Лукашэнка змог бы перакінуць дастаткова вялікія аб’ёмы зь іншых краін у Злучаныя Штаты, вельмі складана і праблематычна, на мой погляд. Праблема ў тым, што ў Беларусі няма свабодных магутнасьцяў, каб яшчэ і на Злучаныя Штаты хапала гэтага прадукту. З Кітаем, асноўным пакупніком, яны дакладна сварыцца ня будуць. Проста Трампу патрэбная нейкая альтэрнатыва, якую ён можа прадэманстраваць народу, або з дапамогай якой можа націснуць на Канаду, паказаўшы, што ня вы адны такія на белым сьвеце», — мяркуе суразмоўца.
Пра гэтую ж праблему кажа і Лукашэнка ў сваёй заяве, якая на некалькі гадзінаў апярэдзіла допіс Дональда Трампа.
«Наколькі я інфармаваны прэм’ер-міністрам і ўрадам, нам удалося пераарыентавацца на ўсход. Сьведчаньнем таму — перамовы з амэрыканцамі. І як тут многія крычаць: „Ах, калій!“ Мы нават калі б захацелі кудысьці паставіць на іншыя рынкі, заходнія рынкі, у нас проста гэтых аб’ёмаў няма, усё закантрактавана», — заявіў Лукашэнка.
Што адбылося
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 21 верасьня напісаў пра ўгоду з Беларусьсю аб пастаўках калію ў ЗША. Допіс ён зьмясьціў на сваёй старонцы ў Truth Social.
«Злучаныя Штаты працуюць над маштабнай угодай у закупцы калійных угнаеньняў у Беларусі. Цана будзе значна ніжэйшай за тую, якую мы цяпер плацім Канадзе, — гэта выдатная навіна для нашых фэрмэраў і жывёлаводаў. Дзякуй за ўвагу да гэтага пытаньня!» — напісаў ён.
Санкцыі з беларускай калійнай вытворчасьці ЗША канчаткова зьнялі сёлета ў сакавіку, калі Менск вызваліў вялікую групу беларускіх палітзьняволеных. Эўразьвяз у сваю чаргу пакінуў санкцыі ў сіле. Краіны ЭЗ ня проста не набываюць беларускія ўгнаеньні, але і забараняюць іх транзыт праз свае морскія парты.
Форум