Беларуса, які вярнуўся з Польшчы, асудзілі на 5 год за данаты
31-гадовага Дзьмітрыя Новікава прысудзілі да пяці гадоў калёніі пасьля вяртаньня з Польшчы. У траўні Менскі гарадзкі суд прысудзіў яго да пяці гадоў па артыкуле аб удзеле на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным канфлікце (артыкул 361-3 КК).
Як піша «Наша Ніва» з 2019 года Новікаў працаваў у сэрвісе прагнозу надворʼя WindyApp, дзе кіраваў маркетынгавай камандай.
Яго затрымалі 16 сьнежня 2025 года — прыкладна праз тры месяцы пасьля вяртаньня ў Беларусь.
Паводле «Вясны», нагодай сталі два невялікія грашовыя пераводы на гуманітарныя патрэбы беларускіх дабраахвотнікаў, якія абараняюць Украіну ў складзе Ўзброеных сіл Украіны. Вядома, што данаты былі зробленыя з дапамогай крыптавалюты.
Суд адбыўся ў пачатку траўня 2026 году, Дзьмітрыю прызначылі 5 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, ён падаваў апэляцыйную скаргу.
Утрымліваўся ў СІЗА № 1, цяпер адбывае тэрмін у ПК № 22 ў Івацэвічах.
Яго ўжо ўнесьлі ў так званы сьпіс экстрэмістаў МУС Беларусі. У ім пазначана, што вырак вынес Менскі гарадскі суд і што Новікаў адбывае пакараньне.
Грамадзяніна Расеі асудзілі ў Беларусі на тры гады калёніі
Грамадзяніна Расеі, палітвязьня Сяргея Жукоўскага асудзілі ў Беларусі на тры гады пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Як піша «Вясна», яго прызналі вінаватым паводле часткі 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці).
Да суду палітвязень утрымліваўся ў СІЗА № 1. Падрабязнасьці крымінальнай справы, у тым ліку тое, якія менавіта дзеяньні сьледзтва і суд палічылі «садзейнічаньнем экстрэмісцкай дзейнасьці», праваабаронцам невядомыя.
Улады ўнесьлі ў сьпіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў фантастычна-палітычную кнігу пра Беларусь
Міністэрства інфармацыі ўнесла раман «Ноа» францускага пісьменьніка Марка Леві ў сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Значная частка дзеяньня ў гэтай кнізе адбываецца ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, піша «Позірк» .
Сюжэт пачынаецца ў сталічным ізалятары на Акрэсьціна, дзе журналістка Дарʼя спрабуе атрымаць інфармацыю пра палітвязьня Мікалая. Паралельна разьвіваецца гісторыя апазыцыянэраў Рамана і Софʼі, чый самалёт пасьля вылету з Атэнаў прымушаюць прызямліцца ў Менску, пасьля чаго іх арыштоўваюць.
У цэнтры далейшых падзеяў апынаецца міжнародная група хакераў і актывістаў, якая супрацьстаіць беларускім уладам. Расьсьледаваньне прыводзіць герояў да зьвестак пра катаваньні і рэпрэсіі, а таксама да пляна менскага ізалятара. Журналістка Джэніс наўмысна трапляе ў Беларусь і апынаецца ў ізалятары, адкуль перадае ўдзельнікам «Групы 9» зьвесткі, неабходныя для кібэратакі. Хакеры выводзяць з ладу дзяржаўныя інфармацыйныя сыстэмы, пасьля чаго ў ізалятары адключаецца электронная сыстэма замыканьня камэраў і пачынаецца апэрацыя па вызваленьні вязьняў.
Фінал раману — мастацкае ўяўленьне перамогі беларускага пратэстнага руху: палітвязьні выходзяць з ізалятара, па краіне распаўсюджваецца заклік да супраціву, а тысячы людзей накіроўваюцца да мяжы.
Прэзыдэнт, названы ў рамане Лучыным, губляе кантроль над сілавымі структурамі і фактычна апынаецца ізаляваным у Палацы незалежнасьці.
У сьпісе сярод іншых — старонкі былой палітзьняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай, журналісткі, фатографкі і кінэматаграфісткі Ксеніі Галубовіч, палітычнага аглядальніка Юрыя Дракахруста, былога палітвязьня, арганізатара культурных імпрэзаў Ільлі Міронава.
Пад забарону трапілі і дзьве замежныя арганізацыі — польскі фонд і аналітычны цэнтар Калегіюм Усходняй Эўропы, і вашынгтонская суполка Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня.
Усе абнаўленьні ў «экстрэмісцкім» сьпісе
- Aleks (Threads)
- Catarina Andreeva (Facebook)
- kalifornija.324m (Threads)
- Kolegium Europy Wschodnej (Сайт)
- Kseniya Halubovich (Facebook)
- li_vetrava (Instagram)
- mellstroylive282 (KICK)
- S&B (TikTok)
- The Belarusian-American Association DS (Facebook)
- volnybelarus (Threads)
- wedinkalle (Instagram)
- Yury Drakakhrust (Facebook)
- Алег Лазоўскі (Facebook)
- Анатоль Міхайлаў (Facebook)
- Ілля Мiронаў | Concert Promoter (Threads)
- Марк Леві — «Ноа» (кніга)
- Полковник Трухан (Telegram, YouTube, МАХ)
- Олег Шаландин (Telegram, Telegram-чат, Rutube, VK-видео)
- Надежда Юрчик (Facebook)
- Чат / Политический чат (Telegram-чаты)
Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 14 чалавек
- Антон Барысенка
- Данііл Быкаў
- Сяргей Валадзько
- Тацьцяна Веціорац
- Сяргей Высоцкі
- Глеб Ганчароў
- Максім Дзямчук
- Ірына Дручыніна
- Уладзімір Карчэўны
- Арыстарх Крукоўскі
- Дзьмітры Лаеўскі
- Георгій Максіменкаў
- Максім Хвясько
- Дзьмітры Юран
Улады зьняволілі іх за «абразу» чыноўнікаў і Лукашэнкі, «дыскрэдытацыю» Беларусі, удзел у пратэстах і ўзаемадзеяньне з «экстрэмісцкімі» фармаваньнямі, заявілі праваабаронцы.
Такім чынам колькасьць палітвязьняў у Беларусі перавысіла 900 чалавек.
Чаму гэта важна
У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.
Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.
Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца больш за 850 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ.
Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На гэты момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».