Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 28 жніўня: Вярхоўны Суд разглядае апэляцыю ў справе сям’і Корсакавых

абноўлена
Будынак Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь, архіўнае фота
Будынак Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь, архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Вярхоўны Суд разглядае апэляцыю ў справе сям’і Корсакавых

Калегія Вярхоўнага Суду 28 жніўня разглядае апэляцыйную скаргу на завочны прысуд Пелагеі Корсакавай, асуджанай паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу («здрада дзяржаве»), піша праваабарончы цэнтар «Вясна».

У гэтай справе таксама праходзяць бацькі жанчыны — Дзьмітры і Тацяна Корсакавы. Іх абвінавацілі і асудзілі паводле ч. 1 арт. 356 («здрада дзяржаве»), ч. 4 арт. 295 («незаконныя дзеяньні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў») і ч. 3 арт. 333-1 КК («незаконнае перамяшчэньне праз мяжу атрутных рэчываў, зброі і боепрыпасаў»).

Дзмітры Корсакаў працаваў у дзіцячым садку № 518 рабочым, Тацяна Корсакава — выхавальніцай там жа.

Дзьмітрыя і Тацяну затрымалі 26 верасьня 2025 году.

Менскі гарадзкі суд 10 чэрвеня 2026 году вынес прысуд: Пелагеі завочна 11 гадоў пазбаўленьня волі, Дзьмітрыю і Тацяне прысудзілі 14 і 12 гадоў зьняволеньня адпаведна, а таксама штраф 50 тысяч рублёў.

Першыя паўгоду Корсакавых трымалі ў СІЗА КДБ Беларусі. Там у Тацяны і Дзьмітрыя пачаліся праблемы здароўя. Вядома, што ў Тацяны гіпэртанія і цукровы дыябэт 2-га тыпу, падвышаны ціск і праблемы з каленным суставам.

Цяпер Дзьмітры і Тацяна знаходзяцца ў СІЗА-1 пад Менскам.

У сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» дадалі старонку пра віцебскія Курапаты і сацсеткі Навальнага

Лоеўскі раённы суд аб’явіў «экстрэмісцкімі» сацсеткі Аляксея Навальнага — расейскага апазіцыйнага палітыка, які загінуў у калёніі ў 2024 годзе.

Поўны сьпіс абнаўленьняў за адзін дзень выглядае так:

У сьпіс «экстрэмістаў» дадалі яшчэ 12 чалавек

  1. Віктар Гурын, 57 гадоў
  2. Сьвятлана Дзеўдзера, 33 гады
  3. Дзьмітры Зобачаў, 33 гады
  4. Жанна Каваленка, 39 гадоў
  5. Дзьмітры Кардаш, 41 год
  6. Мікіта Кузікаў, 23 гады
  7. Андрэй Кузянкоў, 53 гады
  8. Мікіта Міхадзюк, 24 гады
  9. Дэвід Мядзьведзеў (Дэвідас Станулявічус), 27 гадоў
  10. Дзяніс Надтачэеў, 37 гадоў
  11. Ярамір Пуціцкі, 25 гадоў
  12. Мікалай Раманоўскі, 38 гадоў

Цяпер у ім 6836 чалавек, піша «Вясна».

У Беларусі пачалі спэцвытворчасьць супраць яшчэ траіх чалавек, у тым ліку праваабаронцаў з Dissidentby

Сьледчы камітэт заявіў пра пачатак 28 жніўня спэцыяльнай вытворчасьці ў дачыненьні да траіх чалавек. Сярод іх прадстаўнікі праваабарончага праекту Dissidentby Вячаслаў і Марына Касінеравы

Вячаславу і Марыі Касінеравай інкрымінуюць:

  • удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» (ч. 1 арт. 361¹ КК);
  • арганізацыю наўмысных дзеяньняў, накіраваных на распальваньне сацыяльнай варожасьці або варажнечы (ч. 4 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 КК);
  • арганізацыю «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь» (ч. 4 арт. 16 і арт. 369¹ КК);
  • арганізацыю абразы прэзыдэнта (ч. 4 арт. 16 і ч. 1 арт. 368 КК);
  • садзейнічаньне «экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 2 арт. 361⁴ КК).

У дачыненьні Марыны Касінеравай спэцыяльная вытворчасьць пачатая паводле тых жа артыкулаў. Акрамя таго, ёй інкрымінуюць стварэньне «экстрэмісцкага фармаваньня» або ўдзел у ім (ч. 1 і 2 арт. 361¹ КК).

Прадстаўнікі беларускага анархісцкага руху сужэнцы Касінеравы — адны са стваральнікаў ініцыятывы Dissidentby, якая дапамагае палітвязьням і іншым рэпрэсаваным у Беларусі, піша «Позірк».

26 сьнежня 2023 году «экстрэмісцкім фармаваньнем» была прызнаная супольнасьць у «Фэйсбуку» «Письма Солидарности Беларусь 2020», датычнай да якой сілавікі назвалі Марыну Касінераву.

Таксама пад спэцыяльнаю вытворчасьць трапіў Яўген Разумко. Яму інкрымінуюць удзел у масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК) і замах на забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў (ч. 1 арт. 14 і арт. 362 КК).

Сёлета Сьледчы камітэт пачаў 21 спэцыяльную вытворчасьць. Працэдура спэцыяльнай вытворчасьці ўжывалася ў дачыненьні сама меней 186 чалавек.

Чаму гэта важна

У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.

Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году складае ня менш за 500 тысяч.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца больш за 850 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG