Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС пацьвердзіла затрыманьне каля 350 чалавек пад Расонамі

Намёт пад Расонамі на месцы міліцыйнай аблавы
Намёт пад Расонамі на месцы міліцыйнай аблавы

Міліцыянты заявілі аб прыпыненьні «несанкцыянаванага турыстычнага зьлёту» аматараў руху Rainbow Family каля возера пад Расонамі.

Раней інфармацыя пра затрыманьне каля 350 чалавек у гэтым раёне зьявілася ў некалькіх крыніцах, але доўга заставалася непацьверджанай.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, міліцыю выклікалі з прычыны «шумнай імпрэзы з гучнай музыкай і намётавым мястэчкам».

Арганізатарамі зьезду сілавікі назвалі 23-гадовую мянчанку і 52-гадовага менчука. Іх затрымалі.

Паводле інфармацыі МУС, супраць удзельнікаў распачалі адміністрацыйны працэс паводле арт. 24.23 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях («парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў»).

Як стала вядома Свабодзе, фізычнага гвалту да ўдзельнікаў зьлёту не ўжывалі. Сярод турыстаў былі і грамадзяне Расеі, ім пагражаюць дэпартацыяй на радзіму.

Што гэта значыць?

Масавыя затрыманьні — не навіна для Беларусі, часьцей яны пачалі адбывацца пасьля 2020 году, калі рэжым Лукашэнкі стаў асабліва асьцерагацца масавых сустрэчаў людзей. «Накрытыя» зьлёты байкераў, канцэрты музычных гуртоў, трэнаваньні футбольных фанатаў, супольныя малітвы хрысьціянаў розных канфэсій — усяму гэтаму і ня толькі гэтаму апошнім часам надаюць пільную ўвагу КДБ і МУС, у тым ліку АМАП.

Калектыўныя затрыманьні адбываліся нават у электравіку — за супольнае чытаньне беларускіх кніг.

Грубым дзеяньням сілавікоў не перашкаджалі нават муры навучальных установаў. Напрыклад, у 2023 годзе міліцыянты проста ў аўдыторыях і побач зь імі схапілі 15 студэнтаў Берасьцейскага ўнівэрсытэту. Іх абвінавацілі ў «распаўсюдзе парнаграфіі і экстрэмісцкіх матэрыялаў». Але праваабаронцы ня раз паведамлялі, што сілавікі і крыніцы, зьвязаныя зь імі, часта даюць ілжывую інфармацыю пра прычыны затрыманьняў, калі йдзецца пра палітычныя справы.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG