Паводле ведамства, яны гадамі атрымлівалі хабары ад удзельнікаў тэндэраў за выбар патрэбных пастаўнікоў, прыём тавараў і своечасовую аплату кантрактаў.
Распачалі 45 крымінальных справаў. Агульную суму хабараў МУС ацэньвае ў больш як 750 тысяч рублёў. Паводле сьледзтва, арганізатарам схемы быў заснавальнік некалькіх кампаніяў, у офісе якога знайшлі дакумэнты «чорнай бухгальтэрыі».
Як сама сыстэма дзяржаўных закупак спараджае карупцыю і ці можна давяраць вэрсіі МУС, у інтэрвію Свабодзе разважае кіраўнік Беларускага расьсьледніцкага цэнтру Станіслаў Івашкевіч.
Івашкевіч мяркуе, што часам гучныя антыкарупцыйныя справы маюць вынікам тое, што на замену менш карумпаванай схемы прыходзіць значна больш карумпаваная схема з большымі стратамі для дзяржавы.
«Безумоўна, сярод антыкарупцыйных справаў уладаў Беларусі ёсьць і сапраўднае расьсьледаваньне карупцыі. А мы як Беларускі расьсьледніцкі цэнтар, вывучаючы розныя схемы, бачым ня ўсю карціну, а толькі некаторыя завостраныя тэмы. І мы заўважаем, што час ад часу гучныя антыкарупцыйныя справы маюць вынікам тое, што на замену менш карумпаванай схеме прыходзіць значна больш карумпаваная схема з большымі стратамі для дзяржавы».
Адным з прыкладаў Івашкевіч назваў скандальнае зьняцьце дырэктара «Белшыны» некалькі год таму.
Тады дырэктар знайшоў сабе дылера ў Расеі, зь якім, паводле Аляксандра Лукашэнкі, «Белшына» нібыта прадавала шыны таньней за тагачасную рынкавую цану.
Былога генэральнага дырэктара «Белшыны» Андрэя Бунакова зьнялі з пасады і затрымалі ў лютым 2023 году паводле абвінавачаньня ў карупцыі. Пасьля гэтага на яго завялі крымінальную справу за заключэньне нявыгаднага кантракту на пастаўку шынаў.
Станіслаў Івашкевіч заявіў пра гэты выпадак:
«Вынікам гэтага стала тое, што збыт „Белшыны“ ў Расеі манапалізаваў Гандлёвы дом „БелАЗ“, якім кіруе сярэдні сын Аляксандра Лукашэнкі Дзьмітры і які, як выявіла расьсьледаваньне БРЦ, выводзіць грошы адтуль праз расейскія фірмы-„пракладкі“. Вынікам гэтай схемы стала тое, што Гандлёвы дом „БелАЗ“ пачаў закупляць шыны ў „Белшыны“ яшчэ таньней, чым нібыта той карумпаваны расейскі пасярэднік, якому яны аддавалі іх занадта танна».
Яшчэ адзін аналягічны прыклад — закуп эндапратэзаў, кажа Станіслаў Івашкевіч. Аляксандар Лукашэнка абвяшчаў гучныя справы артапэдаў двойчы. Ён скардзіўся, што занадта дорага каштуюць гэтыя пратэзы, і тады зрабілі цэнтралізаваныя закупы ад імя дзяржавы.
«Усе гэтыя закупы сканцэнтраваліся ў руках адной амэрыканскай фірмы, зьвязанай зь беларускімі сілавікамі. Яна пачала прадаваць дзяржаве эндапратэзы яшчэ даражэй, чым было да гэтых антыкарупцыйных справаў»,— заявіў Свабодзе кіраўнік Беларускага расьсьледніцкага цэнтру Станіслаў Івашкевіч.
Форум