Сэрвіс рэзэрвовага капіяваньня для беларускіх мэдыйных, культурных і дасьледчыцкіх праектаў Backup.archivebynet.org зьявіўся пры падтрымцы Беларускай Рады культуры і Клюбу беларускіх мэцэнатаў.
На сэрвісе на доўгатэрміновай аснове можна захоўваць: архівы сайтаў, базы дадзеных, PDF, дакумэнты, сканы, аўдыё, відэа, фотаархівы, падкасты, запісы падзеяў і іншыя файлы.
У стандартнай канфігурацыі даюць каля 100 GB на праект. Калі неабходна больш або трэба наладзіць рэгулярныя бэкапы, такія запыты прапануюць можна абмеркаваць асобна.
Стваральнікі рэсурсу папярэджваюць, што гэта не публічны архіў; не замена archive.org; не плятформа для захоўваньня пэрсанальных або вельмі сэнсытыўных зьвестак. Гэта дадатковы архіў для беларускай лічбавай спадчыны.
Чаму гэта важна
Сэрвіс можа быць карысны для СМІ, культурніцкіх ініцыятываў, дасьледчых базаў і архіваў, замарожаных рэсурсаў, якія ўжо не абнаўляюцца, але застаюцца важнымі, незалежных ініцыятываў.
Мэта ініцыятывы — дапамагчы захаваць важныя беларускія лічбавыя архівы, каб яны ня зьніклі праз сканчэньне аплаты дамэну або хостынгу, страту доступу, адсутнасьць тэхнічных спэцыялістаў, пераезд і палітычныя рэпрэсіі.
За апошні час шмат сайтаў і архіваў былі страчаныя, а ўсяго адна дадатковая копія дае магчымасьць аднавіць рэсурс, перакананыя стваральнікі ініцыятывы.
Форум