Паводле падлікаў аналітыкаў, у траўні ўкраінскія дроны 16 разоў пасьпяхова паразілі НПЗ — гэта рэкордны месячны паказьнік за ўвесь час вайны.
Экспэрты зьвязваюць рост эфэктыўнасьці атак з масавым вырабам далёкабойных бесьпілётнікаў і больш дакладным плянаваньнем апэрацыяў. Украінскія афіцыйныя асобы таксама адзначаюць, што ЗША перадаюць зьвесткі выведкі, якія дапамагаюць выбіраць маршруты абыходу расейскай супрацьпаветранай абароны.
Дырэктар Rochan Consulting Конрад Музыка адзначыў, што вайсковая кампанія Ўкраіны «трансфармавалася з вузкай апэрацыі супраць энэргетычнай інфраструктуры ў шырэйшую стратэгічную кампанію адначасовага аслабленьня энэргетычнай, лягістычнай, прамысловай і экспартнай сыстэмаў Расеі».
Міністэрства абароны Расеі заяўляе, што пераймае большасьць украінскіх бесьпілётнікаў. Паводле міністэрства, за апошнія паўгоду над тэрыторыяй Расеі і акупаваных раёнаў Украіны зьбіта амаль 64 тысячы дронаў.
У той жа час украінскія і расейскія крыніцы Financial Times паведамляюць, што перамоўны працэс застаецца заблякаваным: расейскі бок патрабуе ад ЗША ціску на Кіеў для саступак, а новы раўнд трохбаковых перамоваў малаімаверны прынамсі да канца лета.
Форум