Паводле Associated Press, пасьля падліку амаль усіх бюлетэняў яўка склала крыху больш за 16% пры патрэбных 50%.
На галасаваньне выносілі два пытаньні: аб скасаваньні пажыцьцёвых выплатаў былым кіраўнікам ураду і аб аднаўленьні працы Спэцыяльнай пракуратуры, якая расьсьледавала асабліва цяжкія злачынствы і карупцыю. Урад Робэрта Фіцы зьліквідаваў гэтае ведамства ў 2024 годзе, што выклікала масавыя пратэсты ў краіне.
Паводле славацкіх мэдыя, большасьць удзельнікаў рэфэрэндуму падтрымала абедзьве прапановы.
Закон аб пажыцьцёвых выплатах былым прэмʼер-міністрам быў прыняты ў 2024 годзе пасьля замаху на Робэрта Фіцу, калі ён атрымаў цяжкія раненьні. Згодна з законам, кіраўнік ураду, які займаў пасаду ня менш за два тэрміны, пасьля адстаўкі атрымлівае штомесячную выплату, супастаўную з заробкам дэпутата парлямэнту. Цяпер гэтым крытэрам адпавядае толькі Фіца.
Рэфэрэндум ініцыявала пазапарлямэнцкая апазыцыйная партыя Demokrati, якая сабрала больш за 350 тысяч подпісаў у яго падтрымку.
За ўсю гісторыю незалежнай Славаччыны сапраўдным быў прызнаны толькі адзін рэфэрэндум — аб уступленьні краіны ў Эўрапейскі Зьвяз у 2003 годзе. Усе астатнія не пераадолелі патрэбны парог яўкі.
Форум