Беларускія грамадзкія дзеячы склалі і апублікавалі ў сеціве пэтыцыю, у якой просяць кіраўніцтва музэю бітвы пад Грунвальдам разгледзець магчымасьць усталяваць на тэрыторыі Грунвальдзкага поля штандар зь бел-чырвона-белым сьцягам — гістарычным нацыянальным сымбалем беларускага народу.
«Грунвальдзкая бітва 1410 году стала адной з найважнейшых падзей у гісторыі народаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. У гэтай бітве палякі, беларусы, літоўцы, украінцы, татары і прадстаўнікі іншых народаў Эўропы супольна абаранялі свае дзяржавы — Карону Польскую і Вялікае Княства Літоўскае — ад вонкавай агрэсіі Тэўтонскага ордэну. Гэта была барацьба за права жыць на сваёй зямлі, захоўваць сваю культуру, сваю веру і сваю свабоду», — гавораць аўтары пэтыцыі.
Далей аўтары заўважаюць, што сёньня ў памяць пра гэтыя падзеі на Грунвальдзкім полі стаяць дзяржаўныя сьцягі Польшчы, Літвы і Ўкраіны. Яны нагадваюць пра народы, якія разам змагаліся за свабоду і перамаглі.
«Беларусы таксама былі неад’емнаю часткаю гэтае перамогі. Харугвы Вялікага Княства Літоўскага, сфармаваныя на беларускіх землях — у Менску, Полацку, Віцебску, Наваградку, Горадні і іншых гарадах, — змагаліся пад Грунвальдам нароўні з іншымі ўдзельнікамі бітвы. Таму ўсталяваньне побач з польскім, літоўскім і ўкраінскім сьцягамі беларускага нацыянальнага бел-чырвона-белага штандара ёсьць актам гістарычнай справядлівасьці і салідарнасьці паміж нашымі народамі.
Бел-чырвона-белы сьцяг — гэта сьцяг, пад якім беларусы абвясьцілі сваю дзяржаўнасьць у 1918 годзе, калі была створаная Беларуская Народная Рэспубліка. Гэта сьцяг, пад якім Рэспубліка Беларусь аднавіла сваю незалежнасьць у 1991 годзе. Гэта сымбаль, пад якім беларусы абаранялі і працягваюць абараняць свае нацыянальныя гонар, годнасьць і права на свабоду».
Таксама ў пэтыцыі гаворыцца, што «сёньня беларускі народ перажывае адзін з самых цяжкіх пэрыядаў сваёй гісторыі, знаходзячыся пад прыгнётам дыктатуры і ідэалёгіі так званага „рускага сьвету“», якая пагражае нацыянальнай ідэнтычнасьці, культуры і незалежнасьці Беларусі.
Хто запачаткаваў збор подпісаў?
Збор подпісаў пад дакумэнтам пачаў Юрась Меляшкевіч, вядомы грамадзка-палітычнай дзейнасьцю ад 1999 году. З 2004 сябра Партыі БНФ, быў сакратаром партыйнай камісіі ў пытаньнях экалёгіі і наступстваў катастрофы на ЧАЭС і камісіі аховы гістарычна-культурнай спадчыны. Сын Віктара Меляшкевіча, аднаго з вэтэранаў Беларускага Народнага Фронту ад часоў заснаваньня руху.
Юрась Меляшкевіч — былы дырэктар ПТУП «Маёнтак Падароск», ініцыятывы аднаўленьня старой сядзібы пад Ваўкавыскам, якую фінансаваў прадпрымальнік і мэцэнат беларускага паходжаньня Павал Падкарытаў. Цяпер Меляшкевіч жыве за мяжою.
Як падпісаць?
Трэба ўвайсьці на старонку праз свой фэйсбук- ці гугл-акаўнт або з дапамогай электроннай пошты і пазначыць «падпісаць пэтыцыю».
Для таго, каб дакумэнт пайшоў на разгляд, трэба 250 подпісаў.
На момант публікацыі сабрана ўжо 164 подпісы. Можна даць свой камэнтар да подпісу, каб паказаць матывацыю і важнасьць падпісаньня.
Чаму бітва пад Грунвальдам важная?
15 ліпеня 1410 году аб’яднанае войска Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы здабыло перамогу над крыжакамі Тэўтонскага ордэну ў бітве пад Грунвальдам. Гэта бітва паміж аб’яднанымі войскамі Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага (таксама былі баявыя аддзелы чэхаў і татараў) і прафэсійным войскам наймагутнейшай у тагачаснай Эўропе мілітарысцкай дзяржавы Тэўтонскага ордэну.
Перамога хаўрусьнікаў пад Грунвальдам спыніла шматвяковую экспансію крыжакоў на славянскія землі.
Бітва выяўленая на многіх карцінах, памяць пра яе захоўваецца ў гістарычных кнігах народаў, якія бралі ў ёй удзел. Яна частка нацыянальнага міту беларусаў, палякаў, украінцаў, літоўцаў. Беларускія гісторыкі працягваюць дасьледаваць Грунвальдзкую бітву і яе значэньне для нацыянальнай гісторыі.
Іншыя ініцыятывы беларусаў
Гістарычная спадчына даўно турбуе беларускіх эмігрантаў. Адной з ідэяў паказаць Беларусь за мяжою стаў помнік Тадэвушу Касьцюшку. Ён зьявіўся ў 2017 годзе ў швайцарскім горадзе Золятурне, дзе нацыянальны герой Беларусі, Польшчы, ЗША і Францыі пражыў свае апошнія гады і дзе памёр. Невялікую статую паставілі 15 кастрычніка 2017 году, калі адзначалася 200-я гадавіна сьмерці Касьцюшкі. Ідэя паставіць помнік Тадэвушу Касьцюшку ў Швайцарыі ўзьнікла ў кіраўніка беларускай дыяспары Алеся Сапегі ў 2010 годзе.
Нядаўна ў Швайцарыю на месца сьмерці Касьцюшкі прывезьлі і валун зь Беларусі.
Ініцыятыва Maldzis набыла малюнак беларускага мастака Парыскай школы Восіпа Любіча. Кіраўнік ініцыятывы Павал Мацукевіч заявіў, што Любіч стаў часткай эўрапейскага мастацкага канону, але ягоная постаць і сёньня застаецца малавядомай у Беларусі.
Малюнак Любіча «Рабочыя» набыты на сродкі мэцэнаткі, якая пажадала застацца непублічнаю. У будучыні набыты твор плянуюць перадаць у Горадню ў дар.
Форум