Рада Эўрапейскага Зьвязу ўхваліла сёньня 20-ы пакет санкцыяў супраць Расеі за вайну ва Ўкраіне. У сьпісе ёсьць беларуская кампанія з сталічнага раёну Шабаны.
ТАА «Ізавак» займаецца распрацоўкай і выторчасьцю вакуўмнага абсталяваньня, абалонкавых тэхналёгіяў, іённых крыніц, тэхналёгіяў напыленьня і зьвязанага з гэтым праграмнага забесьпячэньня, — зазначаецца ў рашэньні Рады ЭЗ. Кампанія ня раз заяўляла аб супрацы з тэхналягічнымі гігантамі Apple, Tesla, Samsung і LG.
Кампанія ўнесена ў рэестар арганізацыяў абаронна-прамысловага комплексу Расеі. У Расеі «Ізавак» прадстаўляе ТАА «Инжиниринговая группа», таксама ўключаная ў санкцыйны сьпіс.
Паводле Рады ЭЗ, ад пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну расейскія абаронныя падраднікі атрымалі ад «Ізаваку» прадукцыі прыкладна на 200 мільёнаў даляраў.
Такім чынам, «Ізавак» матэрыяльна падтрымлівае вайскова-прамысловы комплекс Расеі, у тым ліку праз удзел у распрацоўцы, вытворчасьці або пастаўках вайсковых тэхналёгіяў і абсталяваньня, зрабілі выснову складальнікі санкцыйнага сьпісу.
Усяго ў новым пакеце 34 фізычныя і 47 юрыдычных асобаў, пераважна з Расеі
Сярод унесеных у санкцыйны сьпіс расейцаў —
- генэральны пракурор Аляксандар Гуцан;
- мітрапаліт Сімферопальскі і Крымскі Ціхан, якога ў СМІ называюць «духоўнікам» прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна;
- судзьдзя Вярхоўнага суду Алег Няфёдаў — ён абвясьціў «экстрэмісцкімі» няісныя «міжнародны рух ЛГБТ» і «міжнародны рух сатанізму», а таксама прызнаў «тэрарыстычнымі» амэрыканскую юрыдычную асобу ФБК і «Антываенны камітэт Расеі»;
- загадчык аддзяленьня вострых атручэньняў омскага шпіталю, галоўны таксыколяг Омскай вобласьці і Сыбірскай фэдэральнай акругі Аляксандар Сабаеў — ён працаваў у шпіталі, дзе быў Аляксей Навальны да эвакуацыі ў Нямеччыну;
- былы галоўны лекар омскага шпіталю хуткай дапамогі № 1 Аляксандар Мурахоўскі;
- супрацоўнікі ФСБ, зьвязаныя з атручэньнем Навальнага і сачэньнем за палітыкам, — Алег Таякін, Валеры Сухараў, Аляксей Крывашчокаў, Міхаіл Швец і Васіль Калашнікаў;
- начальнік пецярбурскага ўпраўленьня МУС Раман Плугін — ён трапіў у сьпіс за затрыманьні ў Пецярбургу вулічных музыкаў і ўдзельнікаў акцыяў;
- былы омбудсмэн і адвакат Павал Астахаў.
Таксама пад санкцыі трапілі
- структуры ценевага флёту Расеі,
- кампаніі, зьвязаныя з вайскова-прамысловым комплексам і вытворчасьцю дронаў у прыватнасьці,
- распрацоўнік рашэньняў для распазнаньня твараў,
- прэзыдэнцкі культурны фонд і іншыя.
«Гэтыя захады б’юць у самае сэрца расейскага вайскова-прамысловага комплексу, яе „ценевага флёту“ і сетак, якія падсілкоўваюць гібрыдныя атакі Масквы супраць Эўропы», — заявіла кіраўніца замежных справаў ЭЗ Кая Калас.
Яна адзначыла, што санкцыі ўжо каштавалі Расеі ад 1 да 1,3 трыльёна эўра. І паведаміла, што паралельна працягваецца праца над шырэйшым, 21-м пакетам санкцыяў.
Што чакаецца ў наступным, 21-м пакеце санкцыяў
Эўракамісія прапануе ўвесьці поўную забарону на ўезд у ЭЗ для ўсіх удзельнікаў уварваньня і баявых дзеяньняў супраць Украіны. А таксама зраўнаць гандлёвыя абмежаваньні ў дачыненьні да Беларусі зь мерамі супраць Расеі, каб не дапусьціць абыходу санкцыяў, паведамляе DW.
«Мы ўзгадняем гандлёвыя абмежаваньні для Беларусі, каб яна не магла служыць шчылінай для расейскага гандлю», — цытуе DW кіраўніцу Эўракамісіі.
Прадстаўнік ЭЗ таксама паведаміў Радыё Свабода некаторыя іншыя дэталі прапанаваных санкцыяў на Беларусь за падтрымку расейскай агрэсіі супраць Украіны:
- забарона на трансакцыі ў крыптавалюце для 11 крыптаплятформаў і фірмаў (у тым ліку ў Беларусі) за дапамогу Расеі ў абыходзе санкцыяў;
- далучэньне да санкцыйнага сьпісу новых беларускіх кампаніяў за дапамогу расейскай вайсковай прамысловасьці;
- пашырэньне забароны для беларускіх грамадзян валодаць, кантраляваць ці працаваць у радзе якой-хаця кампаніі, якая аказвае паслугі на рыку крыптавалют і рэгулюецца MiCA — рэглямэнтам ЭЗ аб рынках крыптаактываў;
- абарона юрыдычных асобаў ад судовых пазоваў па-за межамі Эўразьвязу ў сувязі з выкананьнем імі санкцыйных патрабаваньняў.
Што варта ведаць пра цяперашнія санкцыі супраць Беларусі
2020 год
Краіны Эўразьвязу, ЗША, Канада, Вялікая Брытанія і Японія пачалі ўводзіць санкцыі супраць Беларусі пасьля жорсткіх разгонаў акцый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе. Да гэтых і наступных санкцый далучаліся таксама іншыя краіны, у тым ліку партнэры ЭЗ.
Першапачаткова гэта былі пераважна візавыя абмежаваньні і замарожваньне актываў для чыноўнікаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і для іншых асобаў, падазраваных ва ўдзеле ў рэпрэсіях і фальсыфікацыях выбараў.
2021 год
Эўразьвяз увёў эканамічныя сэктаральныя санкцыі пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф’і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.
Сярод іншага, Эўразьвяз тады ўвёў абмежаваньні на імпарт беларускіх калійных угнаеньняў і забараніў палёты ў паветранай прасторы ЭЗ а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ усім беларускіх авіякампаніям. Эўрапейскім авіякампаніям таксама забаранілі авіяперавозкі празь Беларусь.
Злучаныя Штаты, Вялікая Брытанія і шэраг іншых краінаў таксама ўвялі падобныя эканамічныя санкцыі пасьля інцыдэнту з самалётам Ryanair.
У сьнежні 2021 году Эўразьвяз увёў пакет санкцыяў у сувязі зь міграцыйным крызісам, абвінаваціўшы афіцыйны Менск і Маскву ў «гібрыднай агрэсіі» супраць ЭЗ і выкарыстаньні нелегальнай міграцыі як зброі. Новыя санкцыі ЭЗ тычыліся 17 фізычных і 11 юрыдычных асобаў, чые актывы замарожваліся. Падобныя ж санкцыі тады ўвялі ЗША, Канада і Вялікая Брытанія.
2022-2025 год
У лютым 2022 году расейскія войскі скарысталі тэрыторыю Беларусі для ўварваньня ва Ўкраіну, а ў першыя месяцы поўнамаштабнай вайны яны выкарыстоўвалі беларускую тэрыторыю для абстрэлу Ўкраіны.
У сувязі з гэтым у лютым 2022 году пра новыя санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі ЗША, Канада і Эўразьвяз. Гэтыя санкцыі тычыліся шэрагу беларускіх чыноўнікаў, вайскоўцаў, а таксама прадпрыемстваў. Цягам наступных месяцаў, свае аналягічныя санкцыі ўводзілі Карэя, Японія і шэраг іншых краінаў.
Ад 2022 году ў сувязі з удзелам рэжыму Лукашэнкі ў расейскай агрэсіі супраць Ўкраіны Эўразьвяз зрабіў яшчэ больш за дзясятак санкцыйных крокаў адносна Беларусі. Мноства санкцый увялі таксама ЗША ды іншыя краіны. Сярод крокаў Эўразьвязу былі наступныя:
- 9 сакавіка 2022 году Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
- 3 чэрвеня 2022 году ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу былі ўключаныя: кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка, сыны бізнэсоўца Аляксея Алексіна Дзьмітрый і Віталь, сэрбскі бізнэсовец Багалюб Карыч, які меў інтарэсы ў Беларусі, пракурор Дзяніс Мікушаў, судзьдзя Мікалай Доля, былы кіраўнік ГУБАЗіКу Андрэй Паршын, генэральны дырэктар «Беларуськалію» Іван Галаваты, а таксама прапагандысты Ігар Тур, Андрэй Сыч, Людміла Гладкая і Рыгор Азаронак. Таксама ЭЗ ухваліў адключэньне ад SWIFT «Белінвестбанку» і ўвёў новыя санкцыі супраць Беларуськалію, Беларускай калійнай кампаніі, «Інтэр-Табака», «Нафтана», Гродзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман», Белмытсэрвісу, Белкамунмаша і Белтэлерадыёкампаніі.
- 3 жніўня 2023 году ЭЗ дадаў у санкцыйныя сьпісы яшчэ 38 асобаў — пераважна судзьдзяў і начальнікаў калёніяў, а таксама прапагандыстаў Вадзіма Гігіна і Ксенію Лебедзеву. Пад санкцыі трапілі і тры прадпрыемствы — Белнафтахім, ААТ «Менскі электратэхнічны завод» і ААТ «БМЗ — кіроўная кампанія холдынгу „БМК“»
- 29 чэрвеня 2024 году Эўразьвяз распаўсюдзіў на Беларусь санкцыі, якія да таго ўвёў супраць Расеі. У прыватнасьці ЭЗ абмежаваў пастаўкі шэрагу відаў прадукцыі і тэхналёгій падвойнага прызначэньня, якія маглі перадавацца ў Расею празь Беларусь. Гэта тычылася тавараў і тэхналёгій, зьвязаных са сфэрай абароны і бясьпекі, а таксама агнястрэльнай зброі і яе кампанэнтаў. Таксама ўвялі забарону на імпарт зь Беларусі золата, алмазаў, гелію, вугалю, сырой нафты, каб Беларусь не рабіла рээкспарту з Расеі забароненых тавараў.
- 24 лютага 2025 году ў 16-ы пакет санкцыяў Эўразьвязу было ўключанае беларускае прадпрыемства «Інтэграл» — вытворца паўправаднікоў, інтэгральных схемаў і іншай высокатэхналягічнай прадукцыі.
- 27 сакавіка 2025 году Эўразьвяз увёў санкцыі яшчэ супраць 25 фізычных і 7 юрыдычных асоб Беларусі. У санкцыйны сьпіс, у прыватнасьці, трапілі Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі, РУП «Беларускія лятарэі», ТАА «Рыдота», ААТ «Плянар», РВУП «Завод дакладнай электрамэханікі», а таксама ТАА «Цыбулька-Бел» з аграгарадку Гуды Лідзкага раёну (Горадзенская вобласьць). Уладальнікам «Цыбулькі-Бел» зьяўляецца дэпутат фэдэральнай зямлі Саксонія ад ультраправай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» Ёрг Дорнаў, якога падазраюць у выкарыстаньні працы беларускіх палітвязьняў. Сярод асобаў пад санкцыямі апынуліся кіраўнікі вышэйназваных прадпрыемстваў, судзьдзі, чальцы ЦВК і партыі «Белая Русь».
- 18 ліпеня 2025 году Эўразьвяз ухваліў 18-ы пакет санкцыяў, у тым ліку супраць беларускіх банкаў, кампаніі «Легмаш», і прадпрыемстваў вайсковай прамысловасьці.
2026 год
- 23 красавіка Эўрапейскі Зьвяз ухваліў 20-ты пакет санкцыяў супраць Расеі, у які трапіла і Беларусь. На яе распаўсюдзілі забарону на экспарт у краіну тавараў, якія выкарыстоўваюць перадавыя тэхналёгіі. ЭЗ таксама забараніў аказаньне паслугаў у сфэры кібэрбясьпекі ў дачыненьні да дзяржаўных органаў Беларусі і структураў, што дзейнічаюць ад іх імя. Упершыню ў санкцыйны сьпіс трапіў турызм. ЭЗ вырашыў забараніць працу турагенцтваў і турапэратараў, паслугі гідаў і рэкляму турыстычных паездак у Беларусь. Для кантрактаў, якія ўжо дзейнічаюць, прадугледжаны кароткі пераходны пэрыяд.
Форум