Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Футбольны чэмпіянат сьвету не пакажуць у агульнадаступнай тэлевізіі Беларусі

Стадыён Azteca ў Мэхіка, дзе адбудзецца адкрыцьцё турніру
Стадыён Azteca ў Мэхіка, дзе адбудзецца адкрыцьцё турніру

Паказы ўсіх гульняў абяцае забясьпечыць толькі кабэльны тэлеканал.

Дзяржаўны тэлеканал «Спорт ТБ» пакажа ў Беларусі паядынкі першынства сьвету ў футболе 2026 году, які пачынаецца 11 чэрвеня.

Канал недасяжны для беларускіх карыстальнікаў праз звычайную антэну, ён ёсьць толькі ў пакетах сеткавых IPTV-апэратараў, напрыклад, ZALA.

Турнір упершыню праходзіць адразу ў трох краінах — Мэксыцы, Канадзе і ЗША.

З прычыны вялікай розьніцы ў часе шэраг гульняў будзе адбывацца ў начны для Беларусі час. Для такіх паядынкаў «Спорт ТБ» прадугледзеў дзённыя паказы, якія будуць выходзіць у этэр у запісе.

Акрамя таго, тэлеканал прапануе агляды матчаў.

Першая сустрэча новага чэмпіянату сьвету будзе паміж Мэксыкай і Паўднёвай Афрыкай, яна стартуе а 22-й гадзіне беларускага часу.

Што было з трансьляцыямі раней?

Няпэўнасьць з паказамі матчаў буйнога футбольнага турніру ў Беларусі зьяўляецца не ўпершыню. Перад чэмпіянатам сьвету 2002 году расейскія тэлеканалы літаральна за некалькі гадзінаў да яго пачатку адмовіліся паказваць гульні беларускім тэлегледачам. Зь бязьдзейнасьці «Белтэлерадыёкампанію» вывеў толькі мітынг пратэсту ў Менску, яна падпісала пагадненьне і купіла тэлеправы. З таго часу беларускія тэлевізійнікі ўжо не спадзяваліся на Маскву, а куплялі правы на паказ гульняў самастойна.

Перад першынством Эўропы 2004 году беларускія тэлегледачы да апошняга рыхтаваліся глядзець пірацкія трансьляцыі праз інтэрнэт. Прычынай былі санкцыі супраць Беларусі і адкрыта абвешчаны намер беларускай тэлевізіі паказваць Эўра-2024 нелегальна, без афіцыйнага пагадненьня і куплі правоў на паказы. На баку каналу «Беларусь 5» нібыта быў і закон. У красавіку таго году Міністэрства інфармацыі пашырыла сьпіс арганізацыяў, імпрэзы якіх беларускія тэлеканалы могуць паказваць без дазволу. Гэта тычылася зьмесьціва, якое вырабляюць так званыя «недружалюбныя краіны» і зьвязаныя зь імі арганізацыі. У сьпісе апынулася і UEFA — эўрапейская футбольная асацыяцыя.

Белтэлерадыёкампанія плянавала скарыстацца такой магчымасьцю і не прасіць афіцыйнай згоды UEFA. Тады UEFA прыгразіла кампаніі санкцыямі за нелегальную трансьляцыю матчаў. Але кампанія ўжо была пад санкцыямі, і UEFA абвясьціла, што накладзе санкцыі на Беларускую фэдэрацыю футболу і беларускія клюбы, калі ў краіне будуць ісьці пірацкія трансьляцыі чэмпіянату Эўропы.

Тым разам рашэньне знайшлі, правы афіцыйна выкупіў агульнадаступны тэлеканал СТВ, паказы турніру ў Беларусі адбыліся. Таксама гульні паказвалі на канале «РТР-Беларусь».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG