Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пакуль ня позна». Польскі публіцыст заклікаў урад дапамагчы Аляксандру Мілінкевічу

Аляксандар Мілінкевіч і прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск
Аляксандар Мілінкевіч і прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск

Польскі журналіст і публіцыст Міхал Патоцкі ў сваім артыкуле пад назвай «Польшча, дбай пра хаўрусьнікаў. Дапамажы Аляксандру Мілінкевічу» заклікаў польскія ўлады аказаць сыстэмную дапамогу былому лідэру беларускай апазыцыі Аляксандру Мілінкевічу.

Аўтар выданьня Dziennik. Gazeta Prawna падкрэсьлівае, што Мілінкевіч, які быў адным з сымбаляў беларускай апазыцыі ў 2006 годзе і кандыдатам на прэзыдэнта, сёньня апынуўся ў складанай жыцьцёвай сытуацыі ў Польшчы.

Летась 25 лістапада Аляксандру Мілінкевічу зрабілі складаную апэрацыю. Яму выдалілі тромб. Пасьля гэтага ўзьніклі ўскладненьні. Зараз палітык мае патрэбу ў далейшай рэабілітацыі. Нядаўна жонка Мілінкевіча Іна Кулей абвясьціла збор сродкаў на рэабілітацыю. У інтэрнэце патрэбную суму — 120 тысяч злотых (каля 33 тысяч даляраў ЗША) — сабралі за два дні.

«Мілінкевіч належаў да тых прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў, якія арыентаваліся на Польшчу трошкі больш, чым шматвэктарная апазыцыя 2010 году, і без параўнаньня выразна больш, чым яе наступнікі ў 2020 годзе. Для інтэлігенцыі савецкай Горадні ПНР і яе дзяржаўныя мэдыя былі акном у сьвет. Натхненьне ж яна знаходзіла ў „Салідарнасьці“ 1980-х гадоў. Агульны кандыдат апазыцыі 2006 году быў хаўрусьнікам нашай усходняй палітыкі, якая прадугледжвала падтрымку дэмакратычных рухаў і адцягваньне ўсходнеэўрапейскіх дзяржаваў ад Расеі». — піша Патоцкі.

У артыкуле адзначаецца, што Мілінкевіч пасьля перасьледу ўладаў Беларусі быў вымушаны пакінуць краіну, а яго маёмасьць і дом у Беларусі фактычна страчаныя. Аўтар нагадвае, што сям’я зьбірае сродкі на рэабілітацыю і штодзённыя выдаткі праз дабрачынныя плятформы.

«Постаці такога ўзроўню можна пералічыць на пальцах адной рукі. Польская дзяржава можа дазволіць сабе, каб яны ня мусілі турбавацца пра сваё існаваньне ў старасьці (...) Польская дзяржава не павінна пра іх забыць. У выпадку Аляксандра Мілінкевіча, на шчасьце, пакуль ня позна». — лічыць Міхал Патоцкі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG