Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 29 траўня: асудзілі дзяўчыну, якая вярнулася ў Беларусь пасьля вучобы ў Польшчы

абноўлена
Суд у Менску. Архіўнае фота
Суд у Менску. Архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Музыку Алега Хаменку ўключылі ў сьпіс «экстрэмістаў»

МУС Беларусі ўключыла ў сьпіс так званых «экстрэмістаў» яшчэ 19 чалавек. Сярод іх — музыка і радыёвядоўца Алег Хаменка, піша «Вясна».

Алега Хаменку затрымалі ў Менску 17 чэрвеня 2025 году пасьля ператрусу ў ягонай кватэры. 4 сакавіка Менскі гарадзкі суд пакараў Хаменку 3 гадамі пазбаўленьня волі і штрафам у 20 тысяч рублёў паводле стандартнага палітычнага абвінавачаньня ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці». Як вынікае з матэрыялаў справы, у аснову абвінавачаньня лягло супрацоўніцтва з «Радыё Рацыя».Вось сьпіс, адсартаваны строга паводле алфавіта (паводле прозьвішчаў), у фармаце імя прозьвішча, узрост.

Узрост палічаны на сёньня — 29 траўня 2026 году.

  1. Андрэй Абакунчык, 28 гадоў
  2. Вольга Байкоўская, 29 гадоў
  3. Вольга Вошчанка, 58 гадоў
  4. Яна Галімская, 21 год
  5. Натальля Гінько, 45 гадоў
  6. Аляксандар Зубрык, 28 гадоў
  7. Павал Казлоў, 46 гадоў
  8. Аляксандар Кандратовіч, 39 гадоў
  9. Ягор Крыцкі, 26 гадоў
  10. Кірыл Лойка, 45 гадоў
  11. Яўген Пракопчык, 32 гады
  12. Уладзіслаў Сінкевіч, 25 гадоў
  13. Алег Стэфановіч, 47 гадоў
  14. Ганна Струкава, 51 год
  15. Рыгор Талкачоў, 37 гадоў
  16. Галіна Фралова, 69 гадоў
  17. Алег Хаменка, 59 гадоў
  18. Аляксандар Харчанка, 33 гады
  19. Сяргей Шынгірэй, 50 гадоў

21‑гадовую дзяўчыну зь Пінску асудзілі ў палітычнай справе

Яну Галімскую з Пінска асудзілі ў Менскім гарадзкім судзе паводле частак 1 і 2 артыкулу 361‑4 Крымінальнага кодэксу — «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці». Дакладныя абставіны яе справы невядомыя, піша «Наша Ніва». Дакладны вырак невядомы, падобна, ёй прысудзілі «хатнюю хімію».

Яна вучылася ў Польшчы, але вярнулася ў Беларусь. Яне Галімскай 21 год, яна родам з Пінска. У 2021 годзе скончыла школу, праз год паехала ў Польшчу, дзе спачатку паступіла ў Кракаў на падрыхтоўчы курс, а пасьля ва ўнівэрсытэт.

Яе арыштавалі ў Беларусі пасьля прыезду з Польшчы ў другой палове мінулага году і зьмясьцілі ў СІЗА.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG