Цырымонія ўручэньня прэміі імя Арсеньневай адбылася ўвечары 27 траўня ў Новым Тэатры ў Варшаве.
Ляўрэатам прэміі стаў Ігар Кулікоў з кнігай вершаў і перакладаў з ангельскай і санкскрыту «Нетутэйшая далечыня» (Янушкевіч, 2025) «за мэтафізычную адвагу ў працы з мовай і стварэньні апрычонага мастацкага сьвету».
«Журы адзначыла працу аўтара ў стварэньні свайго моўнага экзыстэнцыйна-паэтычнага космасу», — паведамілі арганізатары прэміі.
Сёлета ў кароткім сьпісе намінантаў прэміі былі тры кнігі. Апрача кнігі Ігара Кулікова, ў кароткі сьпіс уваходзілі зборнікі «Хроніка адмаўленьня пустаты» Ільлі Кульбіцкага (выдавецтва Skaryna Press, 2025) і «Чайны збор. Выбраная постпаэзія 2007–2025» Макса Шчура (выдавецтва SayBeat, 2025)
Як піша Беларускі ПЭН, «паэтычны сэзон 2025 году засьведчыў ня толькі разнастайнасьць галасоў, але і глыбіннае адчуваньне часу, у якім „немагчыма ня быць“, а слова робіцца спосабам існаваньня, калі аўтары „аднаўляюць сябе моваю“ і шукаюць новыя формы прысутнасьці ў сьвеце. У гэтай прасторы паэзія адкрываецца як „агромністы кавалак сусьвету“, дзе асабістае і агульнае, памяць і досьвед сучаснасьці пераплятаюцца ў адзіны тэкст».
У складзе журы пяць чалавек: Андрэй Хадановіч, Віталь Рыжкоў, Дар’я Бялькевіч, Наста Кудасава, яшчэ адна асоба ў журы застаецца непублічнай.
Прэмію імя Натальлі Арсеньневай заснавалі ў 2016 годзе Беларускі ПЭН-цэнтар, Саюз беларускіх пісьменьнікаў і Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына».
Пераможцы прэміі імя Натальлі Арсеньневай мінулых гадоў:
2025 — Сяргей Прылуцкі, «Нічога нястрашнага»;
2024 — Ганна Шакель, «Цела мігдалу»;
2023 — Наста Кудасава,"Побач«;
2022 — Дар’я Бялькевіч, «Сьлёзы на вецер»;
2021 — Алеся Башарымава, «Расамаха»;
2020 — Андрэй Хадановіч, «Школа травы»;
2019 — Марыя Мартысевіч, «Сарматыя»;
2018 — Алесь Разанаў, «Перавыбранае»;
2017 — Уладзімер Някляеў, «Толькі вершы».