22 траўня ў Вільні завяршыўся III Кангрэс палітзьняволеных у Беларусі, на які з розных краін Эўропы прыехалі дзясяткі былых палітвязьняў, а таксама праваабаронцы, валянтэры, палітыкі.
Ацэнкі экспэрткі ААН
Карына Маскаленка з групы ААН у правах чалавека ў Беларусі пазытыўна ацаніла працу беларускіх праваабаронцаў і арганізатараў дапамогі ахвярам рэпрэсіяў. На яе думку, яны не разгубіліся ў складаных умовах эміграцыі, змаглі аб’яднаць намаганьні, добра каардынуюць працу зь міжнароднымі праваабарончымі структурамі. У выніку тысячы былых палітвязьняў і ўцекачоў зь Беларусі атрымліваюць базавую дапамогу, а беларускае пытаньне застаецца ў фокусе міжнароднай увагі.
Што да міжнароднай ацэнкі дзеяньняў рэжыму Лукашэнкі, то тут пакуль больш дэклярацыяў, чым дасягненьняў, лічыць экспэртка ААН Карына Маскаленка. Яна мяркуе, што міжнароднае правасудзьдзе мае інструмэнты пакараньня менскага рэжыму за рэпрэсіі і злачынствы, але яны не выкарыстоўваюцца цалкам.
«Суседнія краіны, акрамя Літвы, ня робяць і паловы таго, што маглі б», — мяркуе Маскаленка.
Сярод іншага, на яе думку, Беларусь заслугоўвае прыцягненьня да адказнасьці за парушэньні Канвэнцыі ААН супраць катаваньняў.
«Сілавікі ў Беларусі гэта разумеюць і баяцца», — заўважыла экспэртка ААН.
Маскаленка расказала, як праходзяць агляды сытуацыі ў Беларусі на штогадовых сэсіях Камітэту правоў чалавека ААН. Паводле яе, там штораз гучаць нэгатыўныя ацэнкі выкананьня правоў чалавека ў Беларусі, адзінкі з удзельнікаў сэсій спрабуюць падтрымліваць афіцыйны Менск, а той не прызнае парушэньняў і не дазваляе экспэртам ААН візыты ў Беларусь з праверкамі.
«Ня трэба ілюзіяў, наперадзе новыя рэпрэсіі, бо гэтую машыну ніхто не зламаў», — папярэдзіла Карына Маскаленка ўдзельнікаў Кангрэсу.
Паводле Маскаленкі, міжнароднае правасудзьдзе мае інструмэнты пакараньня ўладнага рэжыму Беларусі за рэпрэсіі, але іх не выкарыстоўваюць цалкам, з выняткам Літвы.
Што робіць Літва
Экспэртку ААН падтрымаў Віціс Юрконіс, кіраўнік прадстаўніцтва Freedоm House у Літве. Ён выступіў супраць «нармалізацыі тэрору» і выказаўся за тое, каб па стаўленьні да «беларускага пытаньня» ацэньваць тое, як эўрапейскія краіны ўвогуле ставяцца да правоў чалавека.
Юрконіс нагадаў, што Літва падала пазоў у Міжнародны крымінальны суд аб прыцягненьні Беларусі да адказнасьці за злачынствы рэжыму, але іншыя краіны робяць недастаткова для спыненьня рэпрэсіяў у Беларусі.
«Трэба працаваць хутчэй. Адбыўся суд, быў вынесены неправасудны вырак — гэты судзьдзя адразу мусіць зьявіцца ў санкцыйных сьпісах. Але дзеля гэтага патрэбная сыстэмная і напружаная праца», — мяркуе Юрконіс.
«Лукашэнка яшчэ ў 2020 годзе прапаноўваў „перагарнуць старонку“. І мы бачым лабістаў, якія ходзяць з прапановамі аб дыялёгу, у іх ёсьць рэсурс, а між тым рэпрэсіі працягваюцца», — заявіў Юрконіс і заклікаў былых палітвязьняў больш актыўна ўключацца ў працу, накіраваную на спыненьне рэпрэсіяў.
Палітыкаў Эўразьвязу Юрконіс заклікаў дзейнічаць так, каб беларускія чыноўнікі ведалі, што за іхныя незаконныя дзеяньні ім абавязкова давядзецца адказваць.
Дыскусія пра санкцыі
Пазьней у дыскусіі аб эфэктыўнасьці міжнароднага ціску на рэжым Лукашэнкі выступіла дэпутатка Сейму Літвы Екацярына Раяка, якая пацьвердзіла, што Літва падтрымлівае змаганьне беларусаў за дэмакратыю.
«Мая пазыцыя такая, што санкцыі мусяць быць, але іх недастаткова», — сказала парлямэнтарка зь Літвы.
Дэпутатка Сейму мяркуе, што толькі санкцыі і прыцягненьне да адказнасьці за злачынствы не прывядуць да краху рэжыму Лукашэнкі, тут мае сказаць сваё слова беларускі народ.
Пытаньне, ці варта працягваць санкцыі супраць уладаў Беларусі, задалі прадстаўніку Аб’яднанага пераходнага кабінэту Паўлу Латушку.
Латушка заявіў, што санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі нельга зьмяншаць як мінімум да тае пары, пакуль ня вызваленыя ўсе палітвязьні і ня спынены саўдзел Беларусі ў агрэсіі Расеі супраць Украіны. Ёсьць, паводле Латушкі, і трэцяя ўмова:
«І трэцяе пытаньне, якое мы мусім задаць: ці спыненыя рэпрэсіі ў Беларусі і трансьмежавы перасьлед беларусаў, нас з вамі, якія апынуліся за мяжой? Тут таксама адмоўны адказ».
Яшчэ адным крытэрам у ацэнцы пэрспэктываў санкцый, паводле Латушкі, ёсьць адказ на пытаньне, ці пачаў рэжым дыялёг зь беларускім грамадзтвам. Павал Латушка мяркуе, што гэтага не адбылося.
«Таму, калі мы падводзім рысу і пытаемся, ці мінуў час ціску, дык адказ адназначны — не», — сказаў палітык.
Паводле зьвестак Паўла Латушкі, санкцыі дзейнічаюць для больш як ста беларускіх прадпрыемстваў. Мэта санкцыяў, паводле Латушкі, — скарачэньне рэсурсаў і магчымасьцяў прадпрыемстваў, якія падтрымліваюць вайну ва Ўкраіне і гібрыдныя атакі супраць краін Эўразьвязу, а таксама прымушэньне Лукашэнкі спыніць агрэсіўную ўнутраную палітыку.
Паводле Латушкі, гэтыя захады ўжо даюць вынік.
«Рэжым адчувае макраэканамічныя праблемы. Стагнацыя ў разьвіцьці эканомікі, валавы ўнутраны прадукт не расьце, мінусуе вытворчасьць, асабліва апрацоўчая прамысловасьць, не хапае крэдытных рэсурсаў, страцілі рынак Украіны, у 7,5 раза згубілі экспарт у Эўразьвяз, а продажы тавараў на афрыканскім рынку не дазваляюць збалянсаваць гэтыя страты, бо там дарагая лягістыка і афрыканцы зацягваюць аплату», — сказаў Павал Латушка.
Пры гэтым Латушка заявіў, што АПК падтрымлівае палітыку адміністрацыі ЗША на камунікацыю зь Менскам пад уплывам санкцыяў дзеля таго, каб дамагчыся вызваленьня ўсіх палітзьняволеных. Але без спыненьня рэпрэсіяў гэта не прынясе пажаданага выніку, сказаў Латушка:
«Ужо пасьля вызваленьня Анджэя Пачобута зьявіліся 26 новых палітвязьняў».
Наконт пазыцыі Эўразьвязу, палітык сказаў, што беларусы просяць Эўразьвяз «не ўваходзіць у дыялёг з Лукашэнкам, пакуль той ня пойдзе на дыялёг зь беларускім грамадзтвам і ў выніку ня пойдзе на сыстэмныя зьмены».
Форум