Улады Беларусі ўпершыню адкрыта паказалі інфраструктуру і сцэнар выкарыстаньня ядзернага «Іскандэра» ў Асіповічах — у тым самым месцы, пра якое Свабода раней пісала ў сваіх расьсьледаваньнях. На ўчорашніх вучэньнях мы таксама ідэнтыфікавалі расейскага генэрала, зьвязанага з галоўным «ядзерным» упраўленьнем Міністэрства абароны Расеі, які мог адказваць за дастаўку зброі.
З 18 па 21 траўня Беларусь і Расея правялі сумесныя вучэньні ў «баявым ужываньні ядзернай зброі і ядзерным забесьпячэньні». Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, што падчас трэнаваньня войскі адпрацоўвалі «дастаўку ядзерных боепрыпасаў і падрыхтоўку іх да ўжываньня». Міністэрства абароны РФ — што беларускія вайскоўцы выконвалі задачы атрыманьня «спэцыяльных боепрыпасаў» для комплексаў «Іскандэр-М», іх загрузкі на ракеты-носьбіты і рыхтаваньня да пускаў.
21 траўня Аляксандар Лукашэнка наведаў 465-ю ракетную брыгаду ў Асіповічах, дзе яму прадэманстравалі новыя ангары, казармы, а таксама сымуляцыю нанясеньня ўмоўнага ракетнага ядзернага ўдару комплексам «Іскандэр-М».
Такім чынам улады Беларусі фактычна пацьвердзілі інфармацыю, раней апублікаваную ў расьсьледаваньні Свабоды і дасьледаваньні Фэдэрацыі амэрыканскіх навукоўцаў (FAS), пра будаўніцтва ў Асіповічах інфраструктуры для расейскіх комплексаў «Іскандэр-М», здольных выкарыстоўваць ядзерныя боепрыпасы.
Першыя машыны комплексу «Іскандэр-М» Расея перадала Беларусі ў канцы 2022 году. У лютым 2023 году маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн» заўважыў, што машыны гэтага комплексу маглі трапіць у 465-ю ракетную брыгаду ў Асіповічах.
У ліпені 2023 году Фэдэрацыя амэрыканскіх навукоўцаў (FAS) знайшла гэтаму першыя доказы. Спэцыялісты заўважылі, што на тэрыторыі ракетна-артылерыйскай вайсковай часткі ў Асіповічах узьвялі новы ангар, у якім мог разьмясьціцца поўны дывізіён комплексу «Іскандэр-М». Звычайна ў склад такога дывізіёну ў расейскай арміі ўваходзяць каля 12 машын рознага прызначэньня — ад камандна-штабной і транспартна-зараджальнай да машын тэхнічнага абслугоўваньня і рухомых пунктаў падрыхтоўкі інфармацыі. Толькі чатыры зь іх зьяўляюцца пускавымі ўстаноўкамі з ракетамі.
Аднак на гэтым будаўніцтва не спынілася. На спадарожнікавых здымках зm сярэдзіны 2023 году да пачатку 2025-га Свабода заўважыла, што ў гэтай жа вайсковай частцы пабудавалі яшчэ два падобныя ангары. Кожны зь іх таксама мог зьмяшчаць дадатковы дывізіён «Іскандэр-М». Гэта магло азначаць, што Расея перадала Беларусі ўжо поўную ракетную брыгаду гэтых комплексаў — ня менш за тры дывізіёны, або каля 36 вайсковых машын, 12 зь якіх — пускавыя ўстаноўкі.
Акрамя гэтага, на спадарожнікавых здымках, якія раней апублікавала Свабода, было відаць, што для вайскоўцаў 465-й ракетнай брыгады цалкам аднавілі адну з закінутых казармаў і адміністрацыйны будынак, узьвялі новы стадыён і паркоўку. У паўночнай частцы Асіповічаў таксама зьявіліся некалькі новых шматкватэрных дамоў для вайскоўцаў і школа.
За 12 кілямэтраў ад Асіповічаў і месца базаваньня комплексаў «Іскандэр-М» знаходзіцца 1405-я база артылерыйскіх боепрыпасаў, дзе, паводле інфармацыі журналістаў і навукоўцаў, можа знаходзіцца сховішча для ядзерных боегаловак. Аналітыкі зьвярталі ўвагу на будаўніцтва новых ахоўных пэрымэтраў, кантрольна-прапускных пунктаў, іншай інфраструктуры, характэрнай для аб’ектаў, зьвязаных з захоўваньнем ядзернай зброі.
На спадарожнікавых здымках кампаніі Planet Labs за 24 лютага 2025 году, якія атрымала Свабода, заўважныя маштабныя зьмены адразу ў некалькіх частках тэрыторыі базы: за апошнія два гады тут зьявіліся новыя аб’екты, а некалькі старых будынкаў прайшлі рэканструкцыю. Сыстэму аховы вайсковай часткі таксама ўзмацнілі — вакол базы разьмясьцілі сродкі супрацьпаветранай абароны.
Будаўніцтва на 1405-й базе артылерыйскіх боепрыпасаў актывізавалася амаль адразу пасьля заявы Ўладзіміра Пуціна 25 сакавіка 2023 году пра разьмяшчэньне расейскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі. Тады Пуцін казаў, што будаўніцтва сховішча для яе павінны завяршыць да 1 ліпеня 2023 году. Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін з таго часу ня раз заяўлялі пра наяўнасьць ядзернай зброі ў Беларусі, аднак ніякіх публічных доказаў гэтаму так і не было пададзена.
Афіцыйныя кадры з наведваньня 21 траўня Аляксандрам Лукашэнкам асіповіцкай вайсковай часткі пацьвердзілі пэўную інфармацыю, якую Свабода раней выявіла на спадарожнікавых здымках.
На відэа можна заўважыць, што вучэньні з імітацыяй ядзернага ракетнага пуску адбываліся на пляцоўцы паміж новымі ангарамі, пабудаванымі для комплексаў «Іскандэр-М». Унутры саміх ангараў таксама былі бачныя машыны гэтага комплексу. Міністар абароны Віктар Хрэнін дадаткова прадэманстраваў Лукашэнку рэканструяваныя казармы і штаб 465-й ракетнай брыгады.
Ці атрымалі беларускія вайскоўцы ад Расеі ядзерные боегалоўкі для ракет, пацьвердзіць немагчыма. Абвешчаны пуск быў электроннай імітацыяй — сама ракета заставалася на пускавой устаноўцы, а зьнішчэньне цэлі адбывалася ўмоўна.
Аднак на пляцоўцы разам з Аляксандрам Лукашэнкам прысутнічалі і расейскія вайскоўцы. Як высьветліла Свабода, адным зь іх можа быць генэрал-маёр расейскай арміі Раман Грамышоў.
У канцы 2021 году Грамышоў быў камандзірам расейскай вайсковай часткі № 14254 у закрытым вайсковым гарадку Варонеж-45. Гэты аб’ект належыць 12-му галоўнаму ўпраўленьню Міністэрства абароны Расеі — структуры, якая займаецца захоўваньнем, абслугоўваньнем і транспартаваньнем расейскіх ядзерных боепрыпасаў, а таксама адказвае за бясьпеку іх захоўваньня.
У канцы 2022 года ў прарасейскіх вайсковых тэлеграм-каналах Рамана Грамышова называлі кіраўніком штабу 12-га галоўнага ўпраўленьня.
Раней экспэрты ў камэнтары Свабодзе ня раз падкрэсьлівалі, што не ўяўляюць разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі без удзелу расейскіх вайскоўцаў з 12-га галоўнага ўпраўленьня. На іх думку, калі такая зброя сапраўды знаходзіцца ў Беларусі, то разам зь ёю павінна быць створана і ўся неабходная інфраструктура для расейскага вайсковага пэрсаналу, які займаецца яе аховай, абслугоўваньнем і транспартаваньнем. Фактычна павінна быць створана новая расейская база на тэрыторыі Беларусі.
«Трэба дакладна разумець адну рэч, якая ў мяне асабіста не выклікае ніякіх сумневаў: усе апэрацыі зь ядзернымі боезарадамі ці то на тэрыторыі Расеі, ці то на тэрыторыі Беларусі, калі раптам яны туды будуць дастаўленыя, будзе ажыцьцяўляць выключна 12-е галоўнае ўпраўленьне Міністэрства абароны Расеі (12 ГУМА), — казаў у камэнтары Свабодзе старшы супрацоўнік Інстытуту ААН у дасьледаваньні праблем раззбраеньня Павел Подвіг. — Гэта значыць, усе апэрацыі — абслугоўваньне, транспартаваньне боезарадаў, ахова аб’екту і ахова пэрымэтру — усё гэта будуць рабіць выключна расейскія вайскоўцы. Іншых варыянтаў тут няма».
У камандным пункце Міністэрства абароны Беларусі, дзе Аляксандар Лукашэнка абвясьціў пра пачатак сумеснага трэнаваньня, прысутнічалі таксама іншыя расейскія вайскоўцы, ідэнтыфікаваць якіх Свабодзе не ўдалося.
Хоць Лукашэнка ня раз заяўляў, што ядзерная зброя ў Беларусі знаходзіцца пад ягоным кантролем і рашэньні пра яе выкарыстаньне будуць прымацца ў Менску, нават імітацыя ядзернага ракетнага пуску адбывалася пры ўдзеле расейскіх генэралаў.
«Усё гэтае пустаслоўе пра тое, што нас выкарыстоўваюць і гэтак далей, — усё гэта фігня. Гэтага няма і быць ня можа. Гэта нашая зброя, і мы яе будзем выкарыстоўваць», — казаў ён у чэрвені 2023 году.
Аднак прэзыдэнт польскага Інстытуту нацыянальнай бясьпекі Станіслаў Жарын лічыць, што Расея працягвае выкарыстоўваць Беларусь для сваіх інфармацыйна-псыхалягічных апэрацыяў супраць NATO.
«Разгортваньне ядзернага арсэналу, інфармацыя аб выкарыстанні рэальных баявых галовак, спробы схаваць перамяшчэньне войскаў і правядзеньне выпрабаваньняў зброі ў нетыповых месцах — увесь сцэнар падпарадкаваны мэце Масквы запалохаць Захад, — напісаў ён у сацыяльнай сетцы X. — Цяперашнія вучэньні — гэта сыгнал, сьвядома падрыхтаваны Расеяй для сьвету: заключыце ўгоду з Крамлём — або сутыкняцеся з рызыкай ядзернай вайны. Гэта добра правераны мэтад, але, на жаль, усё яшчэ эфэктыўны. За гэтым трэба ўважліва сачыць, і гэта патрабуе рэагаваньня».
Форум