Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Літвы выказаўся пра скандал вакол грошай для «беларускай апазыцыі»

Гітанас Наўседа
Гітанас Наўседа

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа называе сур’ёзнымі абвінавачваньні, выстаўленыя некаторымі палітыкамі і актывістамі дэпутату Эўрапарлямэнту Дайнюсу Жалімасу адносна выкарыстаньня падтрымкі ЭЗ для беларускага апазыцыйнага руху, і заклікае пачакаць высноваў праваахоўных органаў.

Наўседа пакуль устрымліваецца ад асабістых ацэнак і заклікае пачакаць высноваў праваахоўных органаў, піша LRT.

«Абвінавачванні сур'ёзныя, пагатоў абвінавачаньні накіраваныя супраць нашага эўрадэпутата спадара Жалімаса, і таму сёньня я ўстрымаюся ад якіх-небудзь асабістых ацэнак», — заявіў Наўседа.

Ён заклікаў пачакаць, пакуль будзе завершанае расьсьледаваньне, каб убачыць, якімі будуць далейшыя крокі. Пасьля гэтага ён гатовы даць палітычную ацэнку.

Генэральная пракуратура пачала дасудовае расьсьледаваньне магчымага махлярства з фінансавай справаздачнасьцю ў дзяржаўнай установе Teisės ir Demokratijos Centras, якую ўзначальвае Жалімас. Пакуль што падазраваных у расьсьледаваньні няма.

Дэпутат ЭП ад Літвы Пятрас Гражуліс і дэпутат Сейму Літвы Рэмігіюс Жамайтайціс (лідэр папулісцкай партыі «Зара Нёмана») заявілі пра магчымае незаконнае выкарыстаньне дзяржаўных і дапаможных сродкаў у 2021–2025 гадах. Гаворка ідзе пра 246 тысяч эўра падтрымкі, а звыш 30 тысяч эўра было нібыта выплачана непасрэдна Жалімасу, але ў гадавых справаздачах аб дзейнасьці «практычна не адлюстроўваецца інфармацыя аб выкарыстаньні гэтых сродкаў і выніках». Гэтыя абвінавачваньні падтрымалі былы прэтэндэнт у прэзыдэнты Беларусі Валер Цапкала і ягоны прыхільнік Дзьмітры Балкунец.

Сам Дайнюс Жалімас у пятніцу заявіў BNS, што ён абсалютна ўпэўнены, што расьсьледаваньне ня выявіць нічога крымінальнага.

Менавіта дэпутат Дайнюс Жалімас, былы старшыня Канстытуцыйнага суду Літвы, і Teisės ir Demokratijos Centras былі асноўным рухавіком падачы Літвой пазову на Аляксандра Лукашэнку ў Гаагу, у Міжнародны крымінальны суд.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG