Прэм’ер-міністар Беларусі Аляксандар Турчын падпісаў пастанову «Аб дзяржаўным тэхнічным аглядзе і асноўных паказьніках у галіне дарожнага руху», паведаміла Pravo.by.
«Выключэньне неабходнасьці праходжаньня дзяржаўнага тэхнічнага агляду пры зьмене ўласьніка транспартнага сродку ў пэрыяд дзеяньня дазволу на допуск», — раскрылі ў Савеце міністраў адну з асноўных навацыяў.
Акрамя таго, транспартная інспэкцыя міністэрства транспарту атрымае паўнамоцтвы выдаваць дазволы дыягнастычным станцыям. Паводле дзейных нормаў гэта робіць «Транстэхніка».
Таксама інспэкцыя будзе атрымліваць зьвесткі зь дзяржаўных інфармацыйных рэсурсаў. Раней ад кіроўцаў патрабавалі мець адпаведныя дакумэнты пры сабе.
Урад таксама вырашыў зьняць абмежаваньні сьпісу юрыдычных асобаў, якія могуць праводзіць выпрабаваньні спэцыялізаваных транспартных сродкаў (рэфрыжэратараў, ізатэрмічных фургонаў і падобнага).
У 2024 годзе ўлады падлучылі відэакамэры для фіксацыі кіроўцаў, якія езьдзяць, не правёўшы тэхнічны агляд машыны. Пры фіксацыі камэрай штраф за няпройдзены тэхагляд для фізычнай асобы тады складаў 20 рублёў, за паўторнае парушэньне цягам году — 80 рублёў. Для ІП і юрыдычнай асобы за такое ж парушэньне прадугледжваўся штраф 200 рублёў.
Форум