Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвясьцілі кароткі сьпіс намінантаў на паэтычную прэмію імя Натальлі Арсеньневай

Кароткі сьпіс паэтычнай прэміі імя Натальлі Арсеньневай за 2025 год
Кароткі сьпіс паэтычнай прэміі імя Натальлі Арсеньневай за 2025 год

Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменьнікаў назвалі тры кнігі, якія ўвайшлі ў кароткі сьпіс паэтычнай прэміі імя Натальлі Арсеньневай.

Сёлета ў кароткім сьпісе тры кнігі. Гэта «Нетутэйшая далечыня» Ігара Кулікова (выдавец Янушкевіч, 2025), «Хроніка адмаўленьня пустаты» Ільлі Кульбіцкага (выдавецтва Skaryna Press, 2025), «Чайны збор. Выбраная постпаэзія 2007–2025» Макса Шчура (выдавецтва SayBeat, 2025)

Як піша Беларускі ПЭН, «паэтычны сэзон 2025 году засьведчыў ня толькі разнастайнасьць галасоў, але і глыбіннае адчуваньне часу, у якім „немагчыма ня быць“, а слова робіцца спосабам існаваньня, калі аўтары „аднаўляюць сябе моваю“ і шукаюць новыя формы прысутнасьці ў сьвеце. У гэтай прасторы паэзія адкрываецца як „агромністы кавалак сусьвету“, дзе асабістае і агульнае, памяць і досьвед сучаснасьці пераплятаюцца ў адзіны тэкст».

У складзе журы пяць чалавек: Андрэй Хадановіч, Віталь Рыжкоў, Даря Бялькевіч, Наста Кудасава. Яшчэ адна асоба ў журы застаецца непублічнай.

Сёлета цырымонія ўручэньня прэміі імя Арсеньневай адбудзецца 27 траўня ў Новым Тэатры ў Варшаве.

Прэмію імя Натальлі Арсеньневай заснавалі ў 2016 годзе Беларускі ПЭН-цэнтар, Саюз беларускіх пісьменьнікаў і Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына».

Пераможцы прэміі імя Натальлі Арсеньневай мінулых гадоў:

2025 — Сяргей Прылуцкі, «Нічога нястрашнага»;
2024 — Ганна Шакель, «Цела мігдалу»;
2023 — Наста Кудасава,"Побач«;
2022 — Дар’я Бялькевіч, «Сьлёзы на вецер»;
2021 — Алеся Башарымава, «Расамаха»;
2020 — Андрэй Хадановіч, «Школа травы»;
2019 — Марыя Мартысевіч, «Сарматыя»;
2018 — Алесь Разанаў, «Перавыбранае»;
2017 — Уладзімер Някляеў, «Толькі вершы».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG