Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьняволеную іранскую праваабаронцу, ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі міру Наргес Мухамадзі шпіталізавалі

Наргес Мухамадзі
Наргес Мухамадзі

Праваабаронцу і ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі міру Наргес Мухамадзі, якая знаходзіцца ў зьняволеньні ў Іране, паклалі ў шпіталь. Пра гэта гаворыцца ў заяве яе сям’і й адваката, апублікаванай на сайце фонду Наргес Мухамадзі.

Мухамадзі знаходзіцца ў аддзяленьні інтэнсіўнай тэрапіі ў адной зь лякарняў Зэнджану — у пятніцу яна двойчы страціла прытомнасьць ад праблемаў з сэрцам.

Паводле заявы, улады адмовіліся перавесьці праваабаронцу ў больш абсталяваную бальніцу Парс у Тэгеран, дзе за ёй магла б даглядаць яе мэдычная каманда. Адзначаецца, што кардыёлягі ў Зэнджане раней папярэджвалі пра брак у мясцовых лякарнях спэцыялізаванага абсталяваньня, патрэбнага для яе лячэньня.

Як адзначае яе адвакат Мустафa Нілі, судова-мэдычная камісія Зенджана раней прадпісала прыпыніць выкананьне прысуду на адзін месяц, каб Мухамадзі магла атрымаць мэдычную дапамогу. Аднак мясцовая пракуратура адмовілася выконваць гэтую рэкамэндацыю без узгадненьня з пракуратурай Тэгерану.

«Мухамадзі была пераведзена ў турму Зенджана з парушэньнем прававых нормаў, а пракурор Тэгерану распарадзіўся пра яе лячэньне ў бальніцах Зэнджану насуперак экспэртным заключэньням як судова-мэдычнай арганізацыі, так і спэцыялізаваных кардыёлягаў», — заявіў Нілі.

У заяве фонду адзначаецца, што ў апошнія дні ў праваабаронцы назіраўся высокі артэрыяльны ціск, які не ўдавалася зьнізіць з дапамогай лекаў. «Яна схуднела прыкладна на 20 кг і цярпіць ад паўторных вострых боляў у грудзіне», — гаворыцца ў паведамленьні.

  • Наргес Мухамадзі стала ляўрэаткай Нобэлеўскай прэміі міру ў 2023 годзе «за барацьбу супраць прыгнёту жанчын у Іране і за абарону правоў чалавека і свабоды для ўсіх».
  • У лютым 2026 году Мухамадзі прысудзілі сем з паловай гадоў пазбаўленьня волі «за арганізацыю сходаў і змову, а таксама за прапагандысцкую дзейнасьць». Праваабаронцу затрымалі 12 сьнежня 2025 году на цырымоніі памяці іранскага юрыста Хасроў Алікардзі.
  • Раней у Іране яе ня раз судзілі: у 2016 годзе яна атрымала 16 гадоў зьняволеньня, у 2022 годзе — восем гадоў, у жніўні 2023 году — адзін год, а ў студзені 2024 году — яшчэ 15 месяцаў па розных абвінавачаньнях, у тым ліку ў «прапагандзе супраць дзяржавы».
  • У канцы 2024 году пасьля апэрацыі Мухамадзі была часова вызваленая на тры тыдні: пракуратура прыпыніла выкананьне прысуду на падставе мэдычнай высновы, а затым падоўжыла гэтае рашэньне.
Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG