Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яго абвінавачвалі ў стварэньні выведнай сеткі КДБ у Эўропе. Расказваем, каго абмянялі на Пачобута

Былы намесьнік кіраўніка Службы інфармацыі і бясьпекі Малдовы Александру Бэлян. Архіўнае фота.
Былы намесьнік кіраўніка Службы інфармацыі і бясьпекі Малдовы Александру Бэлян. Архіўнае фота.

У рамках абмену Расея і Беларусь атрымалі былога намесьніка кіраўніка Службы інфармацыі і бясьпекі Малдовы Александру Бэляна.

«Для нашай краіны гэта перамога, якую немагчыма вымераць простым матэматычным раўнаньнем: мы прывезьлі дадому двух грамадзян, якія працуюць на Рэспубліку Малдова, адмовіўшыся ад двух зьняволеных, якія працавалі супраць Рэспублікі Малдова», — напісала ў сацыяльных сетках прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду.

Александру Бэляна затрымалі ў верасьні 2025 году ў аэрапорце ў Румыніі, падазраючы яго ў перадачы дзяржаўнай таямніцы беларускаму КДБ. Як пісала румынскае выданьне G4Media, паводле вэрсіі абвінавачаньня, з 2024 па 2025 год ён двойчы сустракаўся зь беларускімі выведнікамі ў Будапэшце.

The Insider пісаў, што падчас працы на сваёй пасадзе (2016-2019) Бэлян у рамках супрацы з спэцслужбамі Украіны быў афіцэрам сувязі пры Генэральным штабе УСУ. Яго адклікалі з Украіны за нездавальняльную працу, але ён адмовіўся вяртацца ў Малдову.

Як паведамлялі ў чэскай выведцы, былы намесьнік кіраўніка Службы выведкі Малдовы быў датычны да стварэньня выведнай сеткі Беларусі ў Эўропе. Паводле зьвестак Беларускай службы Радыё Свабода, яшчэ адным удзельнікам выведнай сеткі мог быць супрацоўнік консульства Беларусі ў Празе Мікалай Дукшта.

15 красавіка 2026 года Бэляну прысудзілі 1,5 году пазбаўленьня волі, пасьля чаго румынскія ўлады перадалі яго Малдове.

28 красавіка Беларусь і Польшча абмяняліся зьняволенымі паводле формулы «5 на 5» на кантрольна-прапускным пункце «Перароў – Белавежа». Сярод вызваленых Менскам — журналіст Анджэй Пачобут, які з 2021 году знаходзіўся ў зьняволеньні ў Беларусі, а Польшча вызваліла расейскага археоляга Аляксандра Буцягіна, якога затрымалі ў Варшаве на запыт Кіева ў сьнежні 2025 году.

Тэмы гэтага артыкулу

Яшчэ на гэтую тэму

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG