Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На вайне ва Ўкраіне бязь вестак зьнік яшчэ адзін беларус, які ваяваў на баку Расеі. Яго шукае дачка

Расейскія прызыўнікі, якіх адпраўляюць на вайну ва Ўкраіну. Ілюстрацыйнае фота
Расейскія прызыўнікі, якіх адпраўляюць на вайну ва Ўкраіну. Ілюстрацыйнае фота

На тэрыторыі Ўкраіны ў раёне сяла Шандрыгалова Краматорскага раёну Данецкай вобласьці, дзе доўгі час ідуць жорсткія баі, бязь вестак зьнік 56-гадовы грамадзянін Беларусі Дзьмітры Аляксандравіч Слоцін.

Яго дачка Аляксандра Багданава запісала відэазварот, апублікаваны ў Telegram-канале «Пленные СВО».

«Апошні раз я размаўляла з татам 4 студзеня 2026 году. 29 студзеня яму прысвоілі статус зьніклага бязь вестак. Да сёньня я нічога ня ведаю пра абставіны яго зьнікненьня. Я ня ведаю яго цяперашняе месца знаходжаньня, яго стан. Я ня ведаю, ён жывы ці не», — сказала дзяўчына.

Паводле яе, Дзьмітры Слоцін падпісаў кантракт у Нагінску Маскоўскай вобласьці і яго прымацавалі да вайсковай часткі 31135, што дысьлякуецца ў Калінінцы Маскоўскай вобласьці. Гэта так званая Таманская дывізія, вядомая ў савецкія часы, — назву яна атрымала за вызваленьне ў гады Другой усясьветнай вайны Таманскага паўвострава. Гэты падразьдзел расейскага войска лічаць элітным, гэта адна з ключавых структураў Узброеных сілаў Расеі. Яе вайскоўцы заўсёды ўдзельнічаюць у парадах на Краснай плошчы ў Маскве.

Цяпер вайскоўцы гэтай часткі ваююць у Данецкай вобласьці Ўкраіны. У сацыяльнай сетцы «ВК» у адмыслова створанай групе вельмі шмат паведамленьняў аб пошуку зьніклых бязь вестак, найбольш — пад Шандрыгаловам Краматорскага раёну. Удзельнікі групы паведамляюць, што ў красавіку нібыта была чарговая эвакуацыя адтуль параненых і загінулых, але ніхто не атрымаў пакуль ніякай інфармацыі аб сваіх зьніклых сваяках.

Дачка беларуса паведаміла, што зьвярталася па інфармацыю пра свайго бацьку ўва ўсе адпаведныя структуры Расеі — Галоўную мэдычную ўправу Масквы, у вайсковую частку, вайсковы камісарыят гораду Нагінскау, у Чырвоны Крыж, у вайсковую паліцыю, вайсковую пракуратуру, Сьледчы камітэт і Міністэрства абароны.

«На жаль, у вызначаныя тэрміны мне не далі адказы», — сказала Аляксандра Багданава і дадала, што цяпер пры дапамозе юрыста плянуе падаць скаргі на бязьдзейнасьць вайсковых і сілавых структураў Расеі.

Ніякіх дэталяў пра тое, калі і на якіх умовах яе бацька падпісаў кантракт з расейскім войскам, дзяўчына не паведаміла.

Хто яшчэ зь беларусаў зьнік на вайне ва Ўкраіне

У сьнежні 2025 году стала вядома яшчэ пра аднаго беларуса, які ваяваў на баку Расеі і зьнік бязь вестак ва Ўкраіне. Лінкевіча Дзяніса Фёдаравіча праз розныя праекты аб палонных шукала ягоная маці Тацяна. Дзяніс Лінкевіч паходзіць зь Петрыкаўскага раёну Гомельскай вобласьці. Нарадзіўся 1 сакавіка 1999 году, апошнім часам жыў у Санкт-Пецярбургу і там падпісаў кантракт з расейскай арміяй. Маці сьцьвярджала (пра гэта яна напісала ў камэнтарах пад публікацыяй пра палоннага Юрыя Шарко), што Дзяніс пайшоў на вайну «не з свайго жаданьня», але ніякіх іншых дэталяў яна не паведаміла.

У баях пад Белагораўкай Луганскай вобласьці ў студзені–лютым 2025 году прапаў бязь вестак дваццацігадовы Раман Карпенка, які ваяваў на баку Расеі.

Раней бязь вестак прапалі грамадзяне Беларусі Яўген Ільін, Андрэй Кулага і Міхаіл Шалгун, якіх пачалі шукаць сваякі. Апошні пазьней знайшоўся ўва ўкраінскім палоне. Яшчэ адзін беларус Ігар Хасанаў, якога таксама шукалі сваякі, апынуўся з раненьнем у шпіталі ў акупаванай частцы Луганскай вобласьці.

Колькі дакладна грамадзян Беларусі ваявалі на баку Расеі і зьніклі бязь вестак, невядома.

Трапілі ўва ўкраінскі палон або здаліся добраахотна сама меней 17 грамадзян Беларусі, якія ваявалі на падставе кантракту з расейскім войскам.

  • Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
  • Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
  • У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.
  • За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі і этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за сотню тых, хто ваяваў на баку Расеі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG