У апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны адзначылі, што супрацьпаветраныя сілы змаглі абясшкодзіць 189 расейскіх дронаў. Папярэдне зафіксавалі пацэльваньні 24 бесьпілётнікаў па 13 лякацыях, і ў шасьці месцах адбыліся пашкоджаньні ў выніку падзеньня аскепкаў зьбітых дронаў.
У Краснадарскім краі трэці дзень пасьля апошняй атакі гарыць нафтабаза
У Туапсэ (Краснадарскі край, Расея) працягваюць ліквідацыю наступстваў украінскай апошніх двух атак, якія ажыцьцявілі ўкраінскія сілы ў ноч на 16 і 20 красавіка. У апэратыўным штабе краю паведамілі аб вялікай колькасьці пашкоджаных вокнаў у жылых дамах.
Трэці дзень пасьля паўторнай атакі 20 красавіка гараць нафтавыя рэзэрвуары ў марскім тэрмінале. У тушэньні пажару ўдзельнічаюць 246 чалавек і 73 адзінкі тэхнікі. Напярэдадні задзейнічалі нават два пажарныя цягнікі. Улады сьцьвярджаюць, што тройчы на дзень дасьледуюць якасьць паветра. Пры гэтым заяўляць, што канцэнтрацыя шкодных рэчываў «не перавышае нормы».
Украінскія маніторынгавыя каналы адзначаюць, што над горадам дагэтуль стаіць шчыльны чорны дым.
Улады Краснадарскага краю таксама сьцьвярджаюць, што ўкраінскія войскі ў ноч на 22 красавіка зноў атакавалі рэгіён. У прыватнасьці, аскепкі зьбітых дронах пашкодзілі ў Прыморска-Ахтарску два камэрцыйныя і адно адміністрацыйнае памяшканьні. У прыватным будынку пашкоджаныя сьцяна, дзьверы, вакно і агароджа.
У анэксаваным Расеяй Крыме пашкодзілі пункт кіраваньня рухам вайсковых караблёў
У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны паведамілі, што 21 і ў ноч на 22 красавіка ўкраінскія сілы ў Севастопалі пацэлілі ў пункт упраўленьня рухам вайсковых караблёў Чарнаморскага флёту.
Апроч таго, украінскія вайскоўцы сьцьвярджаюць, што ў выніку іх атакі пашкоджаныя пункты ўпраўленьня дронамі ў двух населеных пунктах Курскай вобласьці, а таксама на Харкаўшчыне.
У паведамленьні таксама адзначаецца аб пацэльваньні па камандна-назіральных пунктах расейскіх войскаў у акупаванай Данецкай вобласьці, а таксама на тэрыторыі Расеі ў Белгарадзкай вобласьці.
У Расеі гэтую інфармацыю пакуль не камэнтуюць.
Расейскія войскі атакавалі ва Ўкраіне порт, чыгунку і цягнікі
Улады Адэскай вобласьці паведамілі аб інтэнсіўным начным удары дронамі па прыпортавай інфраструктуры. Яе пашкодзілі, але пажар змаглі апэратыўна патушыць. У выніку абстрэлу ніхто не пацярпеў.
У Запароскай вобласьці адзін чалавек загінуў і 8 атрымалі раненьні. Паводле мясцовых уладаў, ад расейскіх абстрэлаў пацярпелі 35 населеных пунктаў рэгіёну. Раніцай 22 красавіка вобласьць пачалі абстрэльваць ракетамі. Пашкоджаныя жылы сэктар, аўтамабілі і аб’екты інфраструктуры. Пацярпела чыгуначная станцыя «Запарожжа-Левае». У момант удару на каляіне стаяў цягнік з электравозам. Памочнік машыніста загінуў, машыніста шпіталізавалі.
Ад абстрэлаў дронамі і з артылерыі пацярпела і Днепрапятроўская вобласьць. Пацярпеў жылы сэктар, інфраструктура і дзіцячы садок. Улады сьцьвярджаюць, што ніхто не пацярпеў.
У Херсонскай вобласьці ў выніку расейскіх абстрэлаў адзін чалавек загінуў, 6 атрымалі раненьні.
Шмат пашкоджаньняў у Чарнігаўскай і Сумскай вобласьцях — адзін чалавек загінуў, і адзін паранены.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум