Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рэгулярным чэмпіянаце НХЛ сёлета гулялі ажно 8 беларускіх хакеістаў

Аляксей Протас — найвыніковейшы беларус у НХЛ 2025/26 году
Аляксей Протас — найвыніковейшы беларус у НХЛ 2025/26 году

Яшчэ ніколі беларускія хакеісты ня мелі такога шырокага прадстаўніцтва ў наймацнейшай хакейнай лізе сьвету.

Завяршылася 109-е рэгулярнае першынство Нацыянальнай хакейнай лігі (НХЛ). Цяпер найлепшыя каманды павядуць змаганьне за Кубак Стэнлі. На першым этапе ў НХЛ выступіла рэкордна шмат беларусаў — 8 хакеістаў.

Беларусы цягам сэзону баранілі колеры 9 розных камандаў. Больш за ўсіх гульняў правёў нападнік Calgary Flames Ягор Шаранговіч — ён выходзіў на лёд 78 разоў. Пры гэтым, як адзначае betnews, ягоная выніковасьць не была зайздроснай — толькі 29 пунктаў (15 галоў + 14 перадачаў), пры тым, што гульнёвага часу яму давалі ня менш, чым у папярэднім сэзоне.

Затое эфэктыўнасьць паказаў іншы беларус — Аляксей Протас з Washington Capitals. На ягоным рахунку ў 75 матчах 52 пункты, сярод якіх 25 галоў і 27 выніковых пасаў.

Абаронца Chicago Blackhawks Арцём Леўшуноў правёў 68 сустрэчаў, у якіх набраў 24 пункты. Адметны ягоны выступ тым, што беларус так шмат згуляў у сваім першым сэзоне ў НХЛ і нават трапіў у шырокі сьпіс прэтэндэнтаў на ўзнагароду імя Колдэра — Calder Trophy найлепшаму навічку лігі. У кароткі сьпіс, аднак, Леўшуноў ужо не прайшоў.

Таксама ладную частку сэзону былі патрэбныя сваім камандам Ільля Салаўёў (30 гульняў) і брамнік Мікіта Талапіла з Vancouver Canucks (21 гульня). Астатнія беларусы выходзілі на лёд эпізадычна і правялі мала гульняў.

Пры гэтым Салаўёў, адрозна ад большасьці землякоў, яшчэ не завяршыў сэзон — Pittsburgh Penguins, куды ён перайшоў з Colorado Avalanche у час сэзону, выйшлі ў другі этап і пазмагаюцца за галоўную ўзнагароду — Кубак Стэнлі. Таксама за яе будуць спаборнічаць брамнік Аляксей Коласаў з Philadelphia Flyers і абаронца Ўладзіслаў Калячонак з Dallas Stars.

Аднак калі Салаўёў набліжаны да асноўнага складу пітсбурскіх «пінгвінаў», то Коласаў і Калячонак знаходзяцца ў сваіх камандах у глыбокім запасе.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG