Зь лютага 2022 году на вайне ва Ўкраіне загінулі сама меней 212 188 расейскіх вайскоўцаў.
Як высьветлілі журналісты Расейскай службы BBC і выданьня «Мэдыязона» пры дапамозе валянтэраў, у 2025 і 2026 гадах асноўная частка расейскіх стратаў прыпадае на салдатаў, якія загінулі ў выніку атак дронамі ў так званай «зоне пацэльваньня».
Паводле расьсьледнікаў, лінія судакрананьня праз масавае выкарыстаньне двума бакамі дронаў павялічылася, цяпер гэта паласа шырынёй ад 500 мэтраў да 10–15 кілямэтраў.
Найбольш загінулых, як і раней, сярод добраахвотнікаў — 77 846, потым ідуць ня вызначаныя расьсьледнікамі ўдзельнікі баявых дзеяньняў — 47 316, кантрактнікі — 41 937, зьняволеныя — 23 710 і змабілізаваныя — 18 479.
У публікацыі адзначаецца, што цяпер кантракты на службу ў войску часьцей падпісваюць жыхары невялікіх гарадоў і сельскай мясцовасьці, чым мэгаполісаў. Расьсьледнікі зьвязваюць гэтую тэндэнцыю з тым, што ў невялікіх паселішчах больш складана знайсьці стабільную працу з высокімі заробкамі, а мясцовыя ўлады вядуць больш актыўную агітацыю.
Расьсьледнікі зьвярнулі ўвагу, што рэальныя страты Расеі на вайне супраць Украіны могуць быць вышэйшыя. Вайсковыя адмыслоўцы мяркуюць, што зьвесткі, атрыманыя журналістамі і валянтэрамі, могуць ахопліваць ад 45% да 65% рэальнай колькасьці загінулых.
На баку Расеі таксама ваююць і грамадзяне Беларусі. Аднак колькі іх, дакладна невядома, як і колькі тых, хто загінуў. Раней украінскі бок паведамляў аб гібелі сама меней 314 грамадзян Беларусі, якія ваявалі на баку Расеі.
Форум