Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія войскі зьнішчаюць інфраструктуру на Адэшчыне. Украінскія сілы зноў пацэлілі па НПЗ у Расеі

Наступствы расейскага ўдару па радзільні ў Адэсе 28 сакавіка 2026 году. Ілюстрацыйнае фота
Наступствы расейскага ўдару па радзільні ў Адэсе 28 сакавіка 2026 году. Ілюстрацыйнае фота

У Галоўным упраўленьні выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны паведамілі аб пацэльваньні па нафтаперапрацоўчым заводзе ў Туапсэ, што ў Краснадарскім краі. Расейскія ўлады паведамілі пра ахвяры.

«У выніку ўдару на тэрыторыі аб’екту пачаўся пажар. Дэтальныя наступствы пацэльваньня ўдакладняюцца», — паведамляе ўкраінская выведка.

Завод уваходзіць у структуру кампаніі «Роснефть». Яго праектная магутнасьць пасьля мадэрнізацыі складае 12 мільёнаў тон нафты на год — гэта 4,4 % ад агульнага аб’ёму нафтаперапрацоўкі ў Расеі.

Улады Краснадарскага краю сьцьвярджаюць, што ў выніку ўкраінскай атакі па Туапсэ два чалавекі загінулі, у тым ліку 14-гадовая дзяўчына, і сем атрымалі раненьні.

Губэрнатар Краснадарскага краю Веньямін Кандрацьеў нічога не паведаміў аб наступствах для НПЗ. Паводле яго, у выніку працы расейскай СПА аскепкі зьбітых дронаў пашкодзілі ў акрузе 24 прыватныя дамы, 6 шматкватэрных дамоў, дзьве навучальныя ўстановы і музычную школу.

Паводле яго, ёсьць пашкоджаньні ў Сочы і Новарасійску.

Расейскія войскі не спыняюць удары па Адэшчыне

Кіраўнік Адэскай вобласьці Алег Кіпер паведаміў, што ў ноч на 17 красавіка расейскія войскі інтэнсіўна атакавалі рэгіён ударнымі бесьпілётнікамі.

«Пашкоджаньні атрымалі аб’екты партовай, транспартнай і жылой інфраструктуры. На некалькіх лякацыях, у тым ліку на тэрыторыі Дунайскага біясфэрнага запаведніку, пачаліся пажары. Іх ужо зьліквідавалі ратаўнікі», — удакладніў Алег Кіпер.

Паводле яго, пацярпелі таксама адміністрацыйныя памяшканьні, абсталяваньне, кантэйнэры і сама меней 6 прыватных дамоў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG