Паводле прэзыдэнта фэдэрацыі, басэйны і адкрытая вада павінны быць месцамі, дзе спартоўцы ўсіх краінаў могуць сустракацца ва ўмовах мірнага суперніцтва.
Пры гэтым беларускім атлетам давядзецца прайсьці як мінімум чатыры пасьлядоўныя допінг-кантролі, а таксама праверкі добранадзейнасьці (не ўдакладняецца, якія).
Беларусь таксама атрымае ўсе правы сябра фэдэрацыі. Гэтыя палёгкі тычацца таксама і спартоўцаў з Расеі.
Рэакцыя Ўкраіны
Ва Ўкраіне асудзілі гэтае рашэньне Міжнароднай фэдэрацыі водных відаў спорту.
«Спорт павінен аб’ядноўваць вакол сумленных правілаў і павагі да жыцьця. Вяртаньне сьцяга краіны, якая гэтыя правілы ігнаруе і сыстэматычна зьнішчае, — трывожны сыгнал для ўсяго спартовага грамадзтва», — заявіў міністар моладзі і спорту Ўкраіны Мацьвей Бідны.
Украінскі міністар нагадаў, што спартоўцы вымушаны трэніравацца пад расейскімі абстрэламі, і на гэтым тле «любыя размовы пра „нэўтральнасьць“ або вяртаньне атрыбутыкі агрэсара выглядаюць ганебнымі і адарванымі ад рэальнасьці».
«Гэтае рашэньне абясцэньвае памяць пра больш за 650 украінскіх спартоўцаў, якія ўжо ніколі ня выйдуць на старт менавіта праз узброеную агрэсію Расеі. Мы заклікаем міжнародную супольнасьць не станавіцца саўдзельнікамі легітымізацыі агрэсіі праз спартовыя посьпехі атлетаў, якія фактычна зьяўляюцца часткай расейскай прапагандысцкай машыны», — дадаў Мацьвей Бідны.
У сьнежні Міжнародны алімпійскі камітэт дазволіў праводзіць міжнародныя спаборніцтвы ў Беларусі. А юным спартоўцам зь Беларусі — удзельнічаць у міжнародных юнацкіх спаборніцтвах як у індывідуальных, так і ў камандных відах спорту. Сярод іншага — у юнацкіх Алімпійскіх гульнях і гонцы «Дакар-2026». Алімпійскі зьезд падкрэсьліў, што спартоўцы, асабліва юныя, «не павінны несьці адказнасьць за дзеяньні сваіх урадаў».
Дарослыя атлеты і дзяржаўныя службоўцы ад спорту такой палёгкі тады не атрымалі.
Міжнародная фэдэрацыя шахмат летась адкрыла камандам зь Беларусі і Расеі доступ да ўдзелу ў сваіх турнірах і дазволіла праводзіць іх у Беларусі.
Форум