Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гумовы» закон: што азначае адказнасьць за «прапаганду» гомасэксуальнасьці і бязьдзетнасьці

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Улады Беларусі рыхтуюць закон аб забароне «прапаганды гомасэксуальных адносінаў, зьмены полу, бязьдзетнасьці і пэдафіліі». Адвакат Дзьмітры Лепрэтар папярэджвае: расплывістыя фармулёўкі ператвараюць закон у інструмэнт рэпрэсіяў супраць якога-хаця грамадзяніна.

2 красавіка гэты законапраект быў ухвалены Саветам Рэспублікі. Каб ён уступіў у сілу, засталося, каб яго падпісаў Аляксандар Лукашэнка.

«Прапаганда» — паняцьце без азначэньня

Галоўная праблема новай нормы — паняцьце «прапаганда» ў законе ня вызначана. Як тлумачыць юрыст Дзьмітры Лепрэтар, гэта робіць тэрмін «гумовым»: пад яго можна падцягнуць практычна ўсякае выказваньне.

«Калі падыходзіць з гледзішча законнасьці, то павінен быць нейкі заклік або пераконваньне трымацца таго ці іншага ладу жыцьця. Але, як мы бачым на прыкладзе расейскай практыкі, усякае згадваньне ЛГБТК+ ужо можа лічыцца прапагандай», — тлумачыць ён.

Беларускі закон ёсьць, у істоце, калькай з расейскага. І расейская практыка ўжо паказвае, куды гэта вядзе: нават вясёлку на пачку марозіва абвясьцілі «прапагандай гомасэксуальных адносін».

Чым рызыкуе звычайны чалавек

Дзьмітры Лепрэтар на прайдзе ў Вільні, 7 чэрвеня 2025 году
Дзьмітры Лепрэтар на прайдзе ў Вільні, 7 чэрвеня 2025 году

Допіс «я не хачу дзяцей» тэарэтычна можа быць расцэнены як прапаганда чайлдфры. Падабайка або рэпост публікацыі блогера ЛГБТК+ — як распаўсюджваньне забароненых матэрыялаў, аналягічна «экстрэмісцкім».

Камінг-аўт у сацсетках, сторыз зь вясёлкавым сьцягам, нават размова бацькоў зь непаўналетнім дзіцём пра сэксуальную арыентацыю — усё гэта патэнцыйна падпадае пад другую частку артыкула, якая прадугледжвае больш суровае пакараньне за азнаямленьне з такой інфармацыяй непаўналетніх.

«Зараз з улікам таго, што адбываецца ў Беларусі, у мяне складваецца ўражаньне, што наагул вельмі рызыкоўна весьці сацыяльныя сеткі. Што б ты ні напісаў — гэта можа выклікаць нейкія непразрыстыя праўныя наступствы», — кажа Дзьмітры Лепрэтар.

Тры розныя зьявы ў адным законе — невыпадкова

ЛГБТК+, чайлдфры і пэдафілія — гэта зьявы зусім рознага парадку, і іх аб’яднаньне ў адным законе носіць маніпуляцыйны характар, кажа юрыст.

Сэксуальная арыентацыя, паводле навуковых дасьледаваньняў, не падлягае «лячэньню» і вельмі рэдка мяняецца зь цягам часу. Чайлдфры — гэта асабісты выбар чалавека адносна свайго жыцьця. Пэдафілія — гэта патэнцыйнае крымінальнае злачынства, якое і цяпер караецца паводле Крымінальнага кодэксу.

Уключэньне пэдафіліі ў гэты сьпіс, лічыць Лепрэтар, — гэта спроба надаць закону маральны цяжар і атаясаміць у сьвядомасьці грамадзтва зусім розныя зьявы. Больш за тое, адміністрацыйнае пакараньне за «прапаганду» можа фактычна зьніжаць узровень адказнасьці ў параўнаньні з крымінальным перасьледам за рэальныя злачынствы ў дачыненьні да дзяцей.

«Гэта сыгнал грамадзтву»

Рэпрэсіі супраць ЛГБТК+ людзей у Беларусі пачаліся задоўга да прыняцьця новага закону. Але сама дыскусія вакол яго, паводле юрыста, ужо «разьвязвае рукі» — як ультракансэрватыўным грамадзянам, так і праваахоўным органам.

Асобны і вельмі востры момант — уплыў такіх законаў на падлеткаў. Дасьледаваньні паказваюць, што моладзь, якая ідэнтыфікуе сябе з ЛГБТК+ супольнасьцю, і так мае значна больш суіцыдальных думак. Законы, якія яшчэ мацней ізалююць такіх людзей ад грамадзтва, сытуацыю толькі пагаршаюць.

«Увесь сьвет ідзе наперад»

Юрыст не хавае агульнай ацэнкі: закон супярэчыць базавым прынцыпам міжнароднага права ў галіне правоў чалавека і паказвае, што дзяржава рухаецца паводле таталітарнай мадэлі.

«Нармальная дзяржава робіць усё, каб людзі маглі самарэалізавацца, разьвівацца, адчуваць сябе бясьпечна ва ўласнай краіне. Але ня гэтыя ахоўнікі традыцыйных каштоўнасьцяў, якія, відаць, лічаць правільным жыць у сярэдзіне XX стагодзьдзя», — рэзюмуе ён.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG